Колькасць інфікаваных каронавірусам у Беларусі расце


Сёння Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 27 чалавек, хворых на COVID-19. Уводзіць каранцін, паводле медычных чыноўнікаў, пакуль заўчасна.

 

У Беларусі за содні выявілі 6 новых выпадкаў заражэння каронавірусам. Актуальныя лічбы прагучалі на брыфінгу Міністэрства аховы здароўя.

«Тры пацыенты ўжо выздаравелі і выпісаны дамоў. На сёння 24 чалавекі застаюцца ў нашых установах аховы здароўя. У аднаго чалавека сярэдне цяжкое цячэнне, у астатніх цячэнне лёгкае альбо бессімптомнае», – паведаміла кіраўніца галоўнага ўпраўлення арганізацыі медычнай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан.

Тэмаю каронавіруса распачалася і размова Аляксандра Лукашэнкі з міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.

«Калі камусьці трэба, хлебушка і малака ў краме набыць і аднесці. Лепш няхай яны пабудуць дома», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Але пабыць дома змогуць хіба што пенсіянеры. Нягледзячы на павелічэнне колькасці інфікаваных, каранцін у нашай краіне пакуль не ўводзяць. На хатняе навучанне перавялі толькі адзін клас менскай гімназіі № 20 – у бацькі адной з вучаніц знайшлі РНК каронавіруса.

«Дзеці і падлеткі не ёсць групай рызыкі па каронавірусе. Яны могуць пераносіць вірус, але не хварэць ім. Уся інфармацыя, якая ёсць цяпер у свеце наконт каронавіруса, гаворыць пра тое, што ніводнае дзіця не памерла ад каронавіруснай інфекцыі», – адзначае намесніца кіраўніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Усіх, хто вяртаецца ў Беларусь з-за мяжы, адмыслоўцы заклікаюць своечасова звяртацца да медыкаў і абмежаваць кантакты. Зрэшты, замежныя паездкі давядзецца і адмяніць. «Белавія» праз каронавірус касуе шэраг рэйсаў у больш як 20 краінаў.

Беларуская чыгунка адмяняе продаж квіткоў на цягнік Берасце – Прага. Праз тое, што Чэхія заўтра прыпыняе рух міжнародных цягнікоў і аўтобусаў. З наступнага панядзелка гэтая краіна закрывае межы.

«Я думаю, што ўрад зрабіў правільныя захады. Вядома, гэта прывядзе да абмежаванняў для нашых кампаніяў. Гэта можа пагражаць бізнесу, але я думаю, што гэтыя захады дадуць магчымасць прыпыніць хвалю распаўсюду віруса», – мяркуе ўладальнік чэшскага бару Рычард Марэк.

Праз пандэмію закрывае мяжы для замежнікаў з нядзелі Украіна. У Літве з 16 сакавіка зачыняцца дзіцячыя садкі, школы ды ўніверсітэты. У Францыі – таксама.

«Мы даволі занепакоеныя гэтым каронавірусам, але супакойвае, што ў нас мала шанцаў памерці ад яго. Мы больш баімся яго перадаць», – кажа французскі школьнік Этан Аліва.

«І мы больш непакоімся за старых, бабулю і дзядулю», – дадае маці Этана Валеры Аліва.

Заўтра ў Бельгіі зачыняцца школы і месцы грамадскага харчавання. Латвія ды Эстонія ў сувязі з распаўсюдам каронавіруса ўвялі рэжым надзвычайнага становішча.

«Урад рэспублікі абʼявіў надзвычайнае становішча ў Эстоніі. Кабінет міністраў падтрымаў такія экстраныя захады, як забарона сходаў і спартовых імпрэзаў. Будуць зачыненыя навучальныя ўстановы», – паведаміў прэмʼер-міністр Эстоніі Юры Ратас.

Свет спорту таксама рэагуе. УЕФА прыпыніў правядзенне еўрапейскіх кубкавых турніраў. Запланаваныя на наступны тыдзень матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы пераносяцца на нявызначаны тэрмін.

Анастасія Русецкая, «Белсат»