Аб'ектыў 02.05.2019 Колькасць беспрацоўных – скарачаецца, але працоўных – не павялічваецца


За апошнія тры гады колькасць занятых беларускай эканоміцы скарацілася на 120 000 чалавек. Ілюстрацыйнае фота – Daniel Dmitriew / FORUM

Такі феномен на беларускім рынку працы зафіксаваў айчынны Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук. Наколькі вострая насамрэч праблема з беспрацоўем у нашай краіне? І чым пагражае скарачэнне працоўных рук? Высвятляў Аляксандр Папко.

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных за апошнія тры гады скарацілася ўчацвёра і складае ўсяго 13 000 чалавек – адзначае ў сваім аналізе Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук. Вось толькі працоўных рук чамусьці не дадаецца. Знятых у эканоміцы стала на 120 000 менш.

«Насельніцтва Беларусі проста скарачаецца. Натуральнага прыросту занадта мала, каб ён падцягваў прапанову на рынку», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Рэпартаж Аляксандр Папко глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 мая:

Скарачэнне працоўнай сілы запавольвае эканоміку. І прычына гэтага скарачэння не толькі ў старэнні беларусаў.

«Значнай частцы людзей у росквіце сілаў і магчымасцяў даводзіцца шукаць заробкі за мяжою. Прычым які памер гэтага адтоку ў нас,да гэтае пары дакладна ніхто сказаць не можа», – дадае Фрыдкін.

Рэальнае беспрацоўе ў Беларусі вышэйшае за зарэгістравагнае ў 15 разоў – адначасова канстатуе Інстытут эканомікі. Паводле праведзенага ім апытання, без працы ў краіне амаль 220 тысячаў чалавек або 5 % актыўнага насельніцтва. Прычым сярод моладзі да 24 гадоў беспрацоўны кожны дзясяты.

«Маладыя людзі хочуць знайсці сабе нешта нашмат лепшае, чым тое, што прапаноўвае ім рынак. Таму шмат хто з іх даўжэй перабывае ў сітуацыі беспрацоўя. Апроч таго, маладым у пэўным сэнсе даводзіцца лягчэй, бо шмат каго з іх надалей падтрымліваюць бацькі, таму яны могуць сабе дазволіць даўжэй шукаць працу», – кажа Кацярына Барнукова з даследчага цэнтру «BEROC».

Высокааплочвальную працу ў Беларусі могуць знайсці пакуль толькі працаўнікі фінансавага сектару ды айцішнікі. Рэшце даводзіцца спадзявацца на доўга абяцаныя 500 долараў. Прычым найчасцей беларусы атрымліваюць заробак на чвэрць ніжэйшы.

«Нам неабходныя структурныя рэформы, таму, што мы бачым, што ўсе адміністратыўныя спробы павысіць заробкі не працуюць або працуюць вельмі павольна. А ўсе апошнія спробы амаль бяссільныя», – дадае Кацярына Барнукова.

Нават той невялікі рост заробкаў, які назіраецца ў нашай нерэфармаванай эканоміцы, апераджае прадукцыйнасць працы – папярэджваюць эксперты Акадэміі навук і раяць «скараціць дыспрапорцыі, што нарастаюць».

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары