Кніжны кірмаш, на якім усё змяшалася


Аўтобус, поўны вершаў, і сталічны цэнтр БелЭкспа – поўны кніг. Штогадовы Кніжны кірмаш сабраў выдаўцоў, пісьменнікаў і чытачоў – бо на кірмашы можна набыць кнігі без нацэнак ды пазнаёміцца з навінкамі. Праўда, пытанні да арганізатараў ёсць.

Інсцэнізацыя актораў-купалаўцаў ажыўляе нервовыя будні ракаўскіх кантрабандыстаў, якія ў 30-я цягалі праз мяжу небяспечны тавар, а апісаў гэта Сяргей Пясецкі – які сам быў удзельнікам падобных акцый. Культавы раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», упершыню перакладзены з аўтарскай версіі, захаваў на сваіх старонках каларытнае ракаўскае жыццё, а пераклала твор Марыя Пушкіна:

«Пясецкі вельмі моцна перапрацоўваў тэкст. Перад самай смерцю, ужо ў шпіталі, ён уносіў карэктарскія праўкі, вельмі нерваваўся, што штосьці было выдаленае, штосьці вернутае. У выніку атрымалася менавіта паводле аўтарскай версіі, на гэтым вельмі настойвала ўнучка Пясецкага, якая займаецца яго творчай спадчынай».

На кірмаш, ганаровы госць якога – Расея, запрасіў гасцей у забаўным роліку міністр інфармацыі. Тым часам, пакуль замежныя стэнды ўзбагачаюць нашую літаратуру перакладамі, беларускі нацыянальны стэнд не ўсіх пісьменнікаў прыняў і прадставіў. Кнігі Уладзіміра Някляева знайшлі сабе месца на ўкраінскім стэндзе. Альгерда Бахарэвіча на сустрэчу з чытачамі запрасіў знаёмы выдавец з расейскага стэнду, кажа пісьменнік:

«Атрымліваецца, што нас радыя бачыць усюль, дзе заўгодна – у Маскве, у Берліне, у Варшаве, у Стакгольме, у Парыжы, але толькі не ў Менску на беларускім нацыянальным стэндзе. І я ўдзячны насамрэч майму расейскаму выдаўцу, бо гэта была і ягоная ідэя».

Нацыянальную літаратуру ў першыя дні форуму прадставілі Ігар Марзалюк, Наталля Батракова ды рэктар БДУ Андрэй Кароль. Арганізатары тлумачаць, што адкрытыя для ўсіх і клапоцяцца не толькі пра літаратуру, патлумачыў Ігар Бузоўскі, намеснік міністра інфармацыі:

«Адзіная задача, якая перад намі стаяла – гэта не толькі кніжная сфера. Гэта і сацыяльныя праекты, і развагі, магчыма, пра тыя працэсы, якія ідуць у грамадстве, пра гісторыю, пра тое, што чакае нас у будучым».

На нацыянальным беларускім стэндзе з’явіцца яшчэ Віктар Марціновіч – 8 лютага ён прадставіць пераклад на расейскую мову свайго раману «Ноч». А на расейскі стэнд запрошаныя яшчэ беларускія аўтары Ганна Севярынец, Саша Філіпенка, Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастарнак. Кірмаш працягнецца да 9 лютага.

Вольга Гардзейчык belsat.eu