Клінаў: Расейцам трэба прадаваць «Еўропу», а еўрапейцам «сацыялістычную спадчыну»


Спакой, чысціня, парадак і жывая савецкая спадчына – вось за гэтым вельмі часта прыязджаюць у Беларусь турысты. Толькі ці знакаміты прывід камунізму – гэта адзінае, што можа прывабіць замежнікаў у нашай краіне?

Цяпер сярод замежных турыстаў у Беларусі пераважаюць расейцы – яны складаюць дзве траціны ад агульнай колькасці. Паводле аналітычнага агенцтва «ТурСтат», Менск разам з Баку і Астаной – у тройцы найбольш папулярных сярод расейцаў гарадоў для летняга адпачынку. І калі ў сталіцы Азербайджану і Казахстану расейцы выбіраюцца ў шопінг-туры, то Менск прываблівае ня толькі гэтым.

«Ёсць сезоннасць турыстаў-расяянаў. Яны прыязджаюць пераважна на шопінг, бо ў нас кошты таннейшыя за іхныя, плюс нашыя беларускія санаторыі карыстаюцца папулярнасцю. Таксама можна сказаць і пра гастранамічны турызм – яны прыязджаюць сюды паесці, бо ў нас ежа нашмат лепшая, чым у Маскве той жа», – кажа Святлана Ясько, адмыслоўца ў турызме, alltour.by.

Таксама, кажуць эксперты, расейцы ахвотна наведваюць беларускія аграсядзібы, запаведнікі ды ўвогуле любяць адпачынак на прыродзе. Гэтак, паводле статыстыкі, возера Нарач увайшло ў топ-3 найбольш папулярных сярод расейцаў курортаў у краінах СНД.

Жыхары Бранску:

«У Беларусі – Палессе беларускае, чуў, але ніколі не быў. Ну і пабываць бы хацеў».

«Ну, я ў ёй некалькі разоў быў, у Беларусі. Так яна мне падабаецца – чыстая, прыгожая».

«Увогуле ўсе вашыя замкі ніяк не наведаем, але ну вельмі хочацца!»

«Менск заўжды наведваем. Заўжды прыгожы горад, заўжды добразычлівы, людзі цудоўныя».

У 2017 годзе Беларусь наведалі амаль 283 тысячы турыстаў, практычна на 30 адсоткаў больш, чым на год раней. А выручка дзяржавы ад турыстычных паслуг склала каля васьмідзесяці двух мільёнаў долараў. Спецыялісты звязваюць паляпшэнне паказнікаў з пяцідзённым бязвізавым рэжымам для грамадзянаў 80 краінаў. Цяпер жа, калі перабыванне ў Беларусі бяз візы падоўжылі да 30 дзён, бачацца яшчэ лепшыя перспектывы.

«Трэба працаваць у двух кірунках. Для турыстаў з Усходу і Расеі распрацоўваць канцэпт маленькай Еўропы. Для турыстаў з Еўропы, якім у прынцыпе гэтыя еўрапейскія рэчы не так цікавыя, разбудоўваць савецкую спадчыну. Таму што яна проста ўнікальная ў нас», – мяркуе Артур Клінаў, рэдактар часопісу «Партызан».

Паводле мастака Артура Клінава, Менск можна зрабіць сапраўдным цэнтрам прыцягнення замежнікаў дзякуючы ўнікальнай забудове – гэта адзіны ў былой савецкай імперыі горад, дзе атрымалася зрэалізаваць праект гэтак званага «гораду сонца» – сімвалу камуністычнай архітэктуры.

«Трэба ствараць гэтую канцэпцыю – што рабіць з савецкай спадчынай. І ставіцца да яе не як да нейкай праказы ці чумы, а падыйсці да гэтага абсалютна прагматычна: што мы з гэтым можам зрабіць, што мы на гэтым можам зарабіць. А зарабіць на гэтым можна рэальна і вялікія грошы», – кажа Клінаў.

Чакаецца і спрашчэнне адміністрацыйных працэдураў. Цяпер замежнікі ўжо праз пяць дзён перабывання ў Беларусі мусяць стаць на ўлік у аддзел грамадзянства і міграцыі. МУС прапаноўвае павялічыць гэты тэрмін да 10 дзён.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»