Аб'ектыў 12.10.2018 Кліматолагі: У гэтым годзе лета ў Беларусі скончылася толькі 23 верасня


Верасень у Беларусі стаў самым цёплым за пасляваенны перыяд. Паводле Белгідрамету, сярэдняя тэмпература была на 2–3,5 градусы вышэйшая за норму. Упершыню за гэты час назіралася і такое працяглае кліматычнае лета на тэрыторыі нашай краіны.

Жыхары Менску:

«Гэта ўвогуле супер! Мы вельмі радыя, што такое класнае надвор‘е ў нас у Беларусі».

«Для мяне зараз увогуле самая прыемная пара».

«Жоўтае лісце, сонца свеціць!»

«Хочацца, каб яно не канчалася так. Але адчуваеш, што скончыцца і таму крыху тужліва».

У кліматалогіі лета заканчваецца, калі сярэднесутачная тэмпература паветра апускаецца ніжэй за + 14 °С. Сёлета на большай частцы тэрыторыі краіны лета скончылася толькі 22–23 верасня. Пры тым, што і пачалося яно раней. Травень быў самы цёплы за ўсю гісторыю назіранняў, і тэмпература была на 2–4 градусы вышэйшая за норму. Летнія месяцы таксама перакрочылі норму на 1–3 градусы. Эксперты сцвярджаюць, што такое цёплае надвор‘е – не проста выпадковасць, а адная з прыкметаў змены клімату.

Марыя Фалалеева, кандыдатка геаграфічных навук, экспертка ў галіне кліматычнай палітыкі:

«Апроч гэтага лета, мы бачым іншыя паказнікі. Усе мы заўважылі, што зімы становяцца экстрэмальныя. У асноўным цяплейшыя, але выдаюцца некалькі экстрэмальных дзён. Змяняецца рэжым ападкаў».

Змяняюцца кліматычныя зоны, адбываецца адаптацыя расліннага і жывёльнага свету. Таму з‘яўляюцца новыя віды, якія раней не былі ўласцівы нашай зямлі. Чалавеку ўслед за прыродай таксама трэба вучыцца адаптавацца да новых умоваў. Дарэчы, па прагнозах сіноптыкаў у бліжэйшыя дні будзе таксама нязвыкла для гэтага часу году цёпла, па начах чакаецца +3 – +8, днём +14 – +20.

Надвор’е будзе вызначаць антыцыклон з цэнтрам над Украінай. Чакаецца пераменная воблачнасць, слабы паўднёвы вецер, без ападкаў.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары