Кітайскія ўлады ўзмацнілі захады барацьбы з каронавірусам


На апусцелыя вуліцы Кітаю вяртаецца ажыўленне. Жыхары буйных гарадоў вяртаюцца дамоў пасля святаў. Каб перадухіліць распаўсюд пнеўманіі, выкліканай каронавірусам, улады краіны ўвялі ўзмоцнены кантроль на аўтастрадах, вакзалах і ў аэрапортах.

«Мы абсталявалі пяцьсот семдзесят кантрольна-прапускных пунктаў па ўсёй правінцыі – у каардынацыі з мясцовымі аддзеламі грамадскай бяспекі, дарожнаю паліцыяй, органамі аховы здароўя, прафілактыкі і кантролю эпідэміі, а таксама шаснаццаць пунктаў вакол сталіцы правінцыі – Чэн-Ду, – каб гарантаваць, што кожны аўтамабіль будзе дагледжаны, і ніводны хворы – не праедзе», – распавядае Чжаў Хай Дун з Дэпартаменту транспарту правінцыі Сы-Чўань.

Ва Ўу-Хані – горадзе, што стаўся эпіцэнтрам каронавірусу, – за рэкордныя 8 дзён збудавалі шпіталь.

Установа, якая можа змясціць да тысячы асобаў, пачне працу заўтра. Зачыненымі ж застаюцца школы, тэатры ды іншыя месцы масавага збору людзей. А вось гандлёвыя цэнтры і крамы – працуюць. На ўваходзе ў іх правяраюць тэмпературу і спраўджваюць наяўнасць масак, апавядае беларус Андрэй Гузееў.

«Гэтую сітуацыю з вірусам кітайцы ўспрымаюць як «вайну без пораху». Вельмі моцная кансалідацыя. Па тэлебачанні паказваюць ролікі, што трэба рабіць, каб не заразіцца», – кажа беларус з Кітаю Андрэй Гузееў.

Але колькасць хворых расце. Кітайская Нацыянальная камісія здароўя паведаміла пра амаль чатырнаццаць з паловаю тысяч інфікаваных у краіне (14 451). Яшчэ 177 чалавек хварэюць у 26-ці іншых краінах. Памерлі ад хваробы 305 чалавек, сярод іх – 1 смяротны выпадак за межамі Кітаю, на Філіпінах.

«Вельмі важна, каб супольнасць рабіла прафілактычныя захады, бо не ўсё залежыць ад намаганняў ураду. Людзі могуць кантраляваць адзін аднаго і нагадваць адно аднаму надзяваць маскі ды праветрываць пакоі, што ў пэўным сэнсе можа зграць вызначальную ролю», – мяркуе Чжун Нань Шань, акадэмік Катайскай інжынернай акадэміі.

Сёння з закрытага на каранцін Ўу-Ханю эвакуявалі пяцярых беларусаў. Іх даставілі ў Казахстан і пакуль змясцілі на двухтыднёвы каранцін.

Юлія Лабанава, «Белсат»