Кітайскіх інвестыцыяў у Беларусь магло быць болей. Калі б не нашыя законы і суды


Толькі крэдытаў недастаткова. Беларусь разлічвае і на ўласныя інвестыцыі кітайскіх бізнесоўцаў у сумесныя праекты. З такой заявай сёння выступіў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на прэсавай канферэнцыі для медыяў Кітая. Як развіваецца беларуска-кітайская супраца і якую яна прыносіць выгаду нашай краіне?

Сёмы буйны інвестар у беларускую эканоміку. За апошнія пяць гадоў Кітай абагнаў Злучаныя Штаты, краіны Балтыі ды Італію і ўвайшоў у дзясятку краінаў, што ўкладаюць найбольш грошай у Беларусь.

Цягам трох гадоў кітайскія інвестыцыі ў Беларусь павялічыліся ў два з паловаю разы – ад няпоўных $ 70 млн да амаль 180-ці. Гэта, аднак, па-ранейшаму менш за 2 % ад агульных наўпроставых інвестыцыяў у нашую краіну.

«Гэта ўкладанні ў «Geely», прычым унёсак ва ўстаўны фонд – даволі сціплы. Ёсць супольныя прадпрыемствы з МАЗам, з «Гарызонтам»», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Між тым крэдытаў, на якія Беларусь можа купляць кітайскія тавары і паслугі, Пекін вылучыў Менску ўжо больш чым на $ 5 млрд. Яны пайшлі ў такія праекты, як мадэрнізацыя цэментных і дрэваапрацоўчых заводаў. Аднак пераважная бальшыня гэткіх інвестыцыяў сябе не апраўдала. Мадэрнізаваныя паводле кітайскіх тэхналогіяў прадпрыемствы дагэтуль працуюць збольшага ў мінус. Між тым толькі за першы квартал сёлета беларускі бюджэт выплаціў банкам КНР за крэдыты $ 180 млн – больш, чым кітайцы інвеставалі ў Беларусь за ўсю гісторыю двухбаковай супрацы.

«На жаль, ані ўзровень карпаратыўнага кіравання, ані асаблівасці нашага заканадаўства, ані стан беларускай эканомікі не спакушаюць замежных інвестараў, у тым ліку кітайскіх», – працягвае Фрыдкін.

Сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх медыяў старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясніковіч чарговы раз заклікаў кітайскі бізнес укладаць уласныя сродкі ў супольныя праекты з Беларуссю. Заявы гэтыя гучаць не першы год, але пакуль аніводнае кітайскае прадпрыемства не пабудавала свайго заводу нават у кітайска-беларускім індустрыяльным парку, які дае беспрэцэдэнтныя падатковыя ільготы сваім рэзідэнтам.

«Тэрыторыю мы вылучылі. Прайшло ўжо два гады. Але дагэтуль там не асеў не толькі, хаця б адзін інвестар, але і рыдлёўкай мы не капнулі, калі можна так сказаць», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка ў лютым 2015 года.

Адмыслоўцы падсумоўваюць: нягледзячы на палітычнае сяброўства паміж Пекінам і Менскам прыходу ў Беларусь як кітайскіх інвестараў, гэтак і любых іншых замінае адсутнасць незалежных судоў ды непрадказальнасць эканамічнай палітыкі.

Станіслаў Івашкевіч