Кітай не выратаваў КНДР ад новых санкцыяў


Рада Бяспекі ААН пашырыла санкцыі супраць Паўночнай Карэі праз нежаданне Пхеньяну спыніць выпрабаванні міжкантынентальных балістычных ракетаў.

Кітай, які традыцыйна займаў больш лагодную пазіцыю ў дачыненні Пхеньяну, гэтым разам безапеляцыйна падтрымаў увядзенне абмежаванняў.

«Кітай – сталы сябра Рады Бяспекі ААН. Мы займаем абʼектыўную і справядлівую пазіцыю, адыгрываем адказную ды канструктыўную ролю. Новая пастанова ўлучае два важныя аспекты: неабходны адказ на працяг выпрабаванняў КНДР балістычных ракетаў, а таксама гэты крок – больш эфектыўны стрымлівальны фактар развіцця ракетна-ядравай праграмы Пхеньяну», – адзначыў кіраўнік МЗС Кітаю Ўан І.

Санкцыі, між іншага, прадугледжваюць забарону на імпарт з КНДР жалеза, свінцу, вугалю, морапрадуктаў, забараняюць уладкоўвацца на працу за мяжою грамадзянам Паўночнай Карэі ды спыняюць любыя інвестыцыі ў праекты гэтае краіны. Па папярэдніх падліках абмежаванні могуць скараціць валютныя прыбыткі Пхеньяну на траціну, з трох да 2-ух мільярдаў долараў ЗША за год. Найбольшыя страты праз новую рэзалюцыю ААН зазнае галоўны гандлёвы партнёр КНДР.

«Хто будзе ўводзіць у жыццё пастанову Рады Бяспекі ААН? Безумоўна, Кітай. А хто заплоціць за яе? Ізноў Кітай. Але мы строга ды ў поўным абʼёме выконваем усе рэзалюцыі ААН, мы адказная краіна, і гэта відавочна для ўсіх», – адзначыў кіраўнік МЗС Кітаю Ўан І.

На пастанову Пекіну абмежаваць гандлёвыя сувязі з Пхеньянам значна паўплывала суворая пазіцыя прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Апошні абяцаў ускладніць працу кітайскіх кампаніяў, калі Паднябесная не прыме больш рашучага ўдзелу ў развязанні паўночнакарэйскага пытання. Вынік галасавання Рады Бяспекі ААН моцна ўсцешыў гаспадара Белага дому.

«Прэзідэнт удзячны Кітаю ды Расеі за супрацу ў забеспячэнні прыняцця гэтай рэзалюцыі. Доналд Трамп працягне супрацу з саюзнікамі і партнёрамі, каб узмацніць дыпламатычны ды эканамічны ціск на Паўночную Карэю і скончыць з яе пагрозлівымі ды дэстабілізавальнымі паводзінамі», – заявіла прэс-сакратар Белага дому Сэра Сэндэрз.

Сёння, на сустрэчы міністраў замежных справаў асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Усходняй Азіі, што праходзіць у філіпінскай сталіцы, Маніле, шэф кітайскай дыпламатыі Ўан І запрапанаваў план «падвойнага ўстрымання». Калі КНДР спыняе ракетныя ды ядравыя выпрабаванні, а ЗША, Японія і Паўднёвая Карэя ўзамен адмаўляюцца ад супольных вайсковых вучэнняў. На думку палітыка, гэта знізіць напружанасць і дазволіць усім бакам канфлікту вярнуцца за стол перамоваў.

 

Ігар Кулей, belsat.eu