Кітай дарыць Беларусі новы Нацыянальны стадыён?


Парк 50-цігоддзя Кастрычніка ў Менску. Тут, побач са стадыёнам «Трактар», неўзабаве з’явіцца галоўны стадыён краіны – Нацыянальны. Толькі ці неабходны ён спартоўцам і заўзятарам?

«У нас наведвальнасць чэмпіянатаў – дзве тысячы чалавек. Зборная ў фіналы міжнародных турніраў увогуле не трапляе. Матчы яна праводзіць з супернікамі, глядзець на якіх не прыходзяць нават нашыя гледачы. Да таго ж, ёсць стадыён «Дынама». Яго можна выкарыстоўваць – ён толькі пасля рэканструкцыі», – распавядае журналіст выдання «Прессбол» Сяргей Южык.

Так будучы стадыён чатыры гады таму бачыла вугорская архітэктурная кампанія «4D Architects». Але ўлады аддалі перавагу неапублікаванаму пакуль кітайскаму праекту. Пабудаваць арэну коштам прыблізна 100 мільёнаў еўраў Кітай абяцае за свае грошы – у межах тэхнічнай дапамогі.

«Я не думаю, што Кітай проста падорыць стадыён Беларусі. Кітай лічыць грошы. Калі ён нешта пабудуе ў нас за мільён долараў, то ён дзесяць мільёнаў выцягне з нашай краіны – праз свае крэдыты і праекты, якія ён выкарыстоўвае ў нашай краіне», – тлумачыць Яраслаў Раманчук, даследчы цэнтр Мізэса.

Каб спрасціць працу шчодраму інвестару, улады дазволяць будаваць арэну паводле рэкамендацыяў FIFA і кітайскіх стандартаў, без адаптацыі іх да беларускіх нормаў. Яраслаў Раманчук:

«Кітайскія кампаніі існуюць розныя. Адна справа, калі яны нешта будуюць у Пекіне ці Шанхаі, іншая справа – калі яны нешта будуюць у Беларусі. З пункту гледжання таго, што яны зрабілі ў Светлагорску, Добрушы, Ваўкавыску – трэба за кітайцамі сачыць».

У менчукоў выраз «кітайскія нормы і стандарты» даверу не выклікае:

«У мяне рост – метр восемдзесят сем. Я ў Кітаі быў! Яны маленькія! У Беларусі павінныя будаваць беларусы, а не кітайцы! Анекдот!»

«Для нас нашыя павінныя быць стандарты. А што яны там набудуюць – мы не ведаем, ці будзе гэта трымацца».

«Я думаю, не! У любым выпадку будуць выкарыстоўваць беларускія стандарты. Мы жа не ў Кітаі з вамі жывем!»

На трыбунах змесцяцца 33 тысячы гледачоў – на 10 тысячаў больш, чым на нядаўна адноўленым «Дынама». Ці не замалы маштаб для нацыянальнага стадыёну, пачалі спрачацца беларускія заўзятары.

«А што, большую змяшчальнасць зрабіць – ніяк? Або для 2-мільённага Менску гэта вялікая змяшчальнасць?» (РОННИН)

«Ну вы яшчэ на 100 000 стадыён прапануйце: у Менску няма столькі школьнікаў, каб запаўняць вялікія стадыёны дзеля карцінкі». (NIKO)

Амаль 60 тысячаў гледачоў можа змясціць Нацыянальны стадыён у Варшаве. 350 тысяч еўраў – столькі каштуе яго ўтрыманне штомесяц. Міжнародныя канферэнцыі і саміты, спаборніцтвы па валейболе, лядовая арэна, канцэрты сусветных зорак ладзяцца тут увесь час, каб гэты гігант не стаўся стратным. Таму 30 тысяч месцаў – дастатковая колькасць для Менску, мяркуе спартовы аглядальнік. Сяргей Южык:

«У нашых рэаліях такую вялікую арэну акупіць немагчыма. Гэта магчыма ў Англіі, дзе на футбол ходзяць па 50 тысячаў гледачоў і кожны плаціць умоўна па 50 еўраў за білет».

Цяпер будаўнікі расчышчаюць месца для стадыёну – абяцаюць перасадзіць дрэвы з парку і рассяліць тры жылыя дамы. Будаваць «кітайскі падарунак» пачнуць ужо гэтым летам.

Аляксандр Папко, belsat.eu