Кітай блакуе WHO, Трамп кажа пра штучна створаны каронавірус


Улады Кітаю не супрацоўнічаюць з Сусветнай арганізацыяй здароўя ў расследаванні паходжання каронавіруснай інфекцыі. Як заявіў лакальны прадстаўнік арганізацыі, іх удзел заблакаваны без важкіх прычынаў.

«Мы ведаем, што на нацыянальным узроўні ідзе расследаванне, але на гэтым этапе нас не запрасілі далучыцца. У бліжэйшай будучыні мы чакаем абмеркавання магчымасці супрацы», – распавёў журналістам прадстаўнік WHO у Пекіне.

Раней Злучаныя Штаты абвінавацілі Кітай у дзяржаўнай палітыцы замоўчвання пагрозы з самага пачатку пандэміі, у тым ліку ў дэзынфармацыі, што каронавірус не перадаецца ад чалавека чалавеку. Цяпер жа Доналд Трамп заявіў, што бачыў доказы штучнага паходжання каронавіруса, паводле ягоных словаў, распрацаванага ва Ўу-Ханьскім інстытуце вірусалогіі. Але прадставіць доказы цяпер ён не можа. Заява Трампа супярэчыць заяве Нацыянальнай выведкі ЗША.

«Мы ўсё высветлім. Вы атрымаеце інфармацыю ў недалёкай будучыні, але тое, што адбылося, гэта жахліва. Ці яны зрабілі памылку, ці гэта ўсё пачалося як памылка, а потым яны зрабілі яшчэ адну, ці хтосьці зрабіў гэта наўмысна? Скажам так, я не разумею, чаму людзям забаранілі перамяшчацца ў іншыя часткі Кітаю, але пусцілі ў астатні свет», – заявіў Трамп.

На сёння ад «Ковіда-19» памерлі больш за 230 тысячаў чалавек, і гэта з улікам недахопу тэстаў ды прыхоўвання інфармацыі ў некаторых краінах.

«У пасведчанні аб смерці маёй цёці напісалі вірусную пнеўманію, але раней праз тэлефон нам пацвердзілі, што гэта «Ковід-19». Нам давялося патрабаваць, каб каронавірус запісалі ў пасведчанне», – кажа Ваніўзя дас Грасас да Сіўва, жыхарка Рыа-дэ-Жанэйра.

Прэзідэнт Бразіліі, які раней называў каронавірус «маленькім грыпам», цяпер трапіў пад агонь крытыкі. Жаір Баўсанару не хацеў уводзіць каранцінных захадаў, каб захаваць эканоміку. Цяпер Бразілія лідаруе ў Лацінскай Амерыцы паводле ўзроўню смерцяў, адчуваючы дэфіцыт у лабараторным і шпітальным абсталяванні.

Затое ў Аўстрыі пасля сямі тыдняў локдаўну грамадзянам дазволілі выходзіць на вуліцу без грунтоўнай прычыны ды сустракацца з сямʼёй і сябрамі. Але толькі малымі групамі і на адлегласці не менш за метр.

Вось што кажуць жыхары Аўстрыі:

«Гэта найлепшая рэч, асабліва ў такое цудоўнае надворʼе: выйсці прагуляцца, паразмаўляць з сябрамі. Я проста шчаслівы».

«Наўрад ці я буду сустракацца адразу з дзесяццю сябрамі, лепш з кімсьці адным і толькі на свежым паветры».

У Іспаніі свабодна прагуляцца па вуліцы можна будзе ад заўтра – упершыню з сярэдзіны сакавіка. Каранцін там увялі, каб злагодзіць пік эпідэміі ды не перагружаць сістэмы аховы здароўя.

А ў Расеі да адмены абмежаванняў далёка – каронавірусам інфікаваныя больш за 114 тысячаў чалавек, у тым ліку прэмʼер-міністр. Міхаіл Мішусцін пакуль адхілены ад працы, яго часова заменіць віцэ-прэмʼер Андрэй Белавусаў.

«Тэсты, якія я здаў на каронавірус, далі станоўчы вынік. У сувязі з гэтым, згодна з патрабаваннямі «Расспажыўнагляду», я мушу выконваць самаізаляцыю, выконваць прадпісанні лекараў», – заявіў Мішусцін.

Церпяць і самыя лекары. У пецярбургскай больніцы хуткай дапамогі захварэлі больш за сто медыкаў. Яны распавялі журналістам пра адсутнасць сродкаў індывідуальнай аховы і пра недаацэнку пагрозы з боку кіраўніцтва.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: Kevin Lamarque / REUTERS / File Photo