Кіроўцы таксі супраць «Алмазу 7788»


«Эпідэмія каронавіруса стварыла праблему попыту на многія віды паслуг. Але для менскіх кіроўцаў колькасць пасажыраў – не адзіная праблема».

Кіроўцы на колькасць пасажыраў ня скардзяцца, але кажуць, што сэрвіс «Таксі Алмаз 7788» неспадзявана напалову знізіў тарыф на перавоз.

«Нам не паведамілі, што тарыф будзе зніжаны, – яго проста знізілі. Ён не рэнтабельны, і працаваць ужо нельга па гэтых новых тарыфах», – кажа кіроўца Павел Асіпоўскі.

«Мы возім проста паветра. Мы працуем толькі на кіраўніка кампаніі Віктара Пузікава, на «Белнафтахім», на падаткі, на ФЗН, а сабе нічога не застаецца», – абураецца кіроўца Сяргей Самасейка.

Але галоўнай таксоўцы называюць іншую праблему: кіраўніцтва кампаніі «Таксі Алмаз 7788» віннае кожнаму кіроўцу ад ста да чатырохсот рублёў, а грошай не вяртае.

«Служба таксі «Алмаз» робіць інфармацыйныя паслугі: прымае замову і перадае кіроўцу, за гэта мы плацім грошы. Але каб мы маглі супрацоўнічаць, напачатку кожнага месяца мы плацім грошы: я, да прыкладу, плачу 338 рублёў. Грошы засталіся: вярніце, калі ласка нам нашыя грошы», – удакладняе кіроўца Яўген Завадскі.

«У мяне дзіця – інвалід, і я не разумею, чаму я павінна дарыць грошы кампаніі «Алмаз». Лепш я іх на дзіця растрачу – я ж іх не ўкрала», – абураецца кіроўца Юлія Сырых.

Уладальнік сэрвісу «Таксі Алмаз 7788», у сваю чаргу, падкрэслівае, што ўсе ягоныя дзеянні – законныя.

«Ёсць у нас адзін ці два звароты ў кнізе скаргаў, дзе яны пішуць пра тое, якія мы кепскія. Мы падрыхтуем адказ у адпаведныя тэрміны. Але гэта не нагода казаць, што іх «кінулі» – усё ў рамках супрацоўніцтва дзвюх фірмаў, двух субʼектаў гаспадарання. Усё ў рамках працоўнай дамовы», – адказвае на прэтэнзіі ўладальнік сэрвісу «Таксі Алмаз 7788».

Адмыслоўца ў галіне пасажырскіх перавозаў службай таксі мяркуе, што падобныя інцыдэнты – вынік недасканалага заканадаўства, калі розныя кампаніі працуюць у розных умовах.

«Цяперашняе антыманапольнае заканадаўства нашым айчынным дыспетчарам дазволіла б скласці пэўнае кола інтарэсаў і падняць пытанне дзейнасці такіх сетак таксі, як «Яндэкс» і «Убэр», бо менавіта яны такую сітуацыю і стварылі», – кажа сябра працоўнай групы МАРГ Міхаіл Шчасны.

Кіроўцы таксі заяўляюць, што намераныя і надалей бараніць свае правы і падаць на «Таксі Алмаз 7788» у суд.

Галіна Абакунчык, «Белсат»