Аб'ектыў 20.02.2019 Кіроўцы грамадскага транспарту Менску пішуць петыцыю ў Генпракуратуру


Ненармаваны графік працы, няспраўны транспарт. Сталічныя кіроўцы стварылі петыцыю, якую скіруюць у Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Органы просяць праверыць, як «Менсктранс» ставіцца да сваіх працаўнікоў і да бяспекі тэхнікі. Што скрываецца за прыгожым і новым з выгляду менскім транспартам? Вітаўт Сіўчык.

Мала хто з кіроўцаў асмельваецца распавядаць пра свае праблемы на камеру. Вартаўнікі тралейбусных паркаў і дыспетчарскіх станцыяў рэагуюць на журналістаў нервова:

– Здымаем сюжэт!

– А якога плану? Не ўзгадняеце з намі?! – абураецца чалавек, які выйшаў з будынку аўтобуснага парку.

На сайце petitions.by з’явіўся калектыўны зварот у Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Падпісанты скардзяцца на абыякавае стаўленне кіраўніцтва «Менсктрансу» да здароўя працаўнікоў: аб працы ва ўмовах экстрэмальна нізкай або высокай тэмпературы, пра рашэнні аб паніжэнні заробкаў прамінулым днём і пра невыносны графік – за стырном у інтэнсіўным руху да 5 гадзінаў без перапынку.

Іван Ганчарык, кіроўца тралейбуса:

– Калі людзі пішуць, напэўна, нешта варта рабіць.

– Не стае перапынкаў?

– Разумееце, у нас расклад, усё па-рознаму, – кажа кіроўца тралейбусу Іван Ганчарык, і дадае, што яго расклад задавальняе.

«З такімі коркамі, як цяпер у горадзе. Прыехаў на 15 хвілінаў пазней. 15 хвілінаў – абеду няма», – распавядае кіроўца аўтобусу спадар Леанід.

Ёсць у петыцыі і мова пра пастаянны відэанагляд за кіроўцамі, пазнейшую прыніжальную дэманстрацыю гэтага відэа на сходах. Скардзяцца кіроўцы і на хранічную няспраўнасць тэхнікі.

Спадар Юры, кіроўца аўтобусу:

– Як Вы лічыце, калі новая машына дзень на лініі і паехала адразу на завод? Як гэта, лічыце, спраўная машына?

– А такая сітуацыя часта бывае?

– Пастаянна!

За два дні петыцыя набрала больш за 650 подпісаў. Аўтары заахвочваюць падпісвацца не толькі кіроўцаў, але і пасажыраў:

«Я ім вельмі спачуваю. Ім, напэўна, сапраўды вельмі складана працаваць. Але яны нам вельмі патрэбныя».

«Не трэба, не трэба нічога гаварыць, усё гэта бессэнсоўна».

«Падтрымаць кіроўцаў. Яны ж ездзяць. Яны стамляюцца, рух які аграмадны цяпер».

«Ім больш бачна. Калі яны патрабуюць, то, напэўна, так і трэба. Калі патрабаванні не завышаныя. Хай разбіраецца прафсаюз кіроўцаў».

Але пазмагацца за свае правы за пасярэдніцтвам дзяржаўнага прафсаюзу кіроўцы не змаглі. Не датэлефанаваліся да прафзвязу «Менсктрансу» і мы. Што рабіць у гэтай сітуацыі? Намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч нагадвае, часам немагчымасць дабіцца сваіх правоў выліваецца ў драматычныя формы:

«Мы памятаем выпадак, калі не так даўно, калі гарадзенскі кіроўца аўтобуса скочыў з мосту ў Нёман, выказваючы пратэст таксама супраць невыносных умоваў працы».

Таму, паводле Сяргея Антусевіча, карэнна палепшыць сітуацыю магло б стварэнне на прадпрыемстве незалежнага прафсаюзу.

Штодня ў Менску грамадскім транспартам карыстаюцца сотні тысячаў менчукоў і гасцей сталіцы. А таму стан кіроўцаў – гэта надзвычай важна для бяспекі. Бо ў іхных руках нярэдка не толькі іхнае жыццё, але і жыцці іншых людзей.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Удобный город. Петиция #2231. Произвол в филиалах ГП «Минсктранс»! Городу нужен БЕЗОПАСНЫЙ общественный транспорт!

Глядзі таксама
Каментары