Кіраўніцтва Венесуэлы спрабавала незаконна прадаць 2 тоны дзяржаўнага золата


Людзі ў галечы, а ўлады гандлююць золатам. Каля 2 тонаў каштоўнага металу з дзяржаўнай скарбніцы незаконна спрабавалі прадаць кіраўніцтва Венесуэлы, дзе цяпер пануе крызіс. Крыніцы выдання «The Wall Street Journal» кажуць пра дзве спробы правесці залатую ўгоду на гандляваннях у Турцыі.

Венесуэльцам няма чаго есці і як лекавацца… Краіна перажывае найбольш працяглы ў гісторыі крызіс, выкліканы падзеннем коштаў на нафту і палітычным ладам.

Паблё Самбрана, пратэстовец:

«Урад хоча набыць вайсковую ўніформу сваім абаронцам коштам 50 мільёнаў еўраў. Лепш бы накіравалі грошы ў нашыя шпіталі, хаця б 2 мільёны еўраў, 2 мільёны еўраў! Венесуэльцам даўно патрэбная дапамога!»

На фоне сутычак урадавага войска з апазіцыяй выданне «The Wall Street Journal» інфармавала пра вываз сёлета венесуэльскімі ўладамі амаль 7,5 тонаў золата з дзяржаўнага скарбу і спробу прадаць трэцюю частку гэтай партыі.

«The Wall Street Journal»:

«Краінаю-гаспадаром дзвюх тонаў золата, якое ў сакавіку выстаўлялі на гандляванні ў Турцыі, лічылася Уганда. Аднак мытныя дакументы сведчаць, што яно паходзіць са сховішчаў венесуэльскага Цэнтрабанку».

Угандыйскае золатаперапрацоўчае прадпрыемства вырабляе да 600 кг зліткаў за содні. Менавіта туды, паводле крыніцаў амерыканскага выдання, нелегальна пераправілі венесуэльскае золата. Дзве тоны са зніжкаю выстаўлялі на турэцкія тэрміналы.

Схемы ўзбагачэння венесуэльскага лідара – сябрука прэзідэнта Турцыі – перыядычна выкрывае і агенцтва «Bloomberg», праз якое праходзіць фінансавая інфармацыя з сусветнага гандлёвага рынку. Гэтак, у лютым вялося аб продажы Мадурам золата на $ 900 млн праз турэцкую фірму.

Абураныя і збяднелыя, з краіны бягуць людзі. Філіпа Грандзі, высокі камісар ААН у справах уцекачоў:

«Безумоўна, калі канфлікты ў Венесуэле не будуць развязаныя ў палітычным парадку, мы будзем і надалей назіраць плынь уцекачоў. Я ведаю, што ўрад Венесуэлы скардзіцца, што нашыя лічбы завышаныя… Але гэта лічбы, якія мы атрымліваем ад рэгіянальных уладаў».

Паводле ААН, выехалі ўжо 4 млн венесуэльцаў. Гэта больш 1/10 частку насельніцтва. Пры гэтым краіна магла быць адною з самых заможных у рэгіёне, калі б не няспынная сацыялістычная рэвалюцыя.

«Венесуэльская зямля прапітаная нафтаю. Яна мае найвялікшыя запасы нафты ў Лацінскай Амерыцы. І яны бедныя, надзвычай бедныя… Бо там усё дзяржаўнае», – тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Апазіцыя на чале з Хуанам Гуаідо абяцае грамадзянам доўгачаканыя рэформы. У суботу перуанскі вайсковы чыноўнік заявіў, што толькі цягам содняў мяжу перакрочылі 10 тысяч венесуэльцаў.

«Такую сітуацыю мы перажываем сёння ў Венесуэле праз тых, хто ва ўрадзе. Мы ідзём у Чылі. Мы мусім працягваць барацьбу за выжыванне», – кажа венесуэльскі мігрант Ляры Авіля.

Эканамічны крах Венесуэлы пры прэзідэнце Нікалясу Мадура выклікаў самы вялікі міграцыйны крызіс у найноўшай гісторыі Лацінскай Амерыкі, прымушаючы такія краіны, як Перу і Эквадор змагацца з беспрэцэдэнтным усплёскам іміграцыі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu