Кіраўніцтва справамі прэзідэнта: нацыянальны парк аддаць пад загатоўку драўніны


Нацыянальны парк «Прыпяцкі» адзначыў юбілей – 50 гадоў. Лесабалотны запаведнік у міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці стварылі, каб вывучаць і захаваць унікальную разнастайнасць мясцовай прыроды. Аднак навуковая прыродная лабараторыя сталася прамысловай зонай, забароненай для наведвання.

Каля 10 тысяч гектараў лясоў, абнесеных плотам. Нацыянальны парк «Прыпяцкі» цяпер у распараджэнні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. І ўваход у мясціны, дзе палешукі спрадвеку збіралі ягады і грыбы, цяпер ім забаронены.

«Сюды мы хадзілі і ў грыбы і ў ягады, але зараз нам сюды ўваход забаронены. Вунь, ёсць звычайныя хвойныя лясы, але там ні грыбоў, ні ягад», – кажа жыхар Жыткавічаў Аляксандр Капцэвіч.

Запаведнік «Прыпяцкі» быў створаны 1 ліпеня 1969 года дзеля навуковай і прыродаахоўнай дзейнасці. У 1994 годзе ён перайшоў у распараджэнне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, а праз два гады запаведнік рэарганізавалі ў Нацыянальны парк. З прыходам сюды новага кіраўніка навуковая праца адышла на другі план, кажа былая працаўніца «Прыпяцкага» Інэса Балоціна:

«Быў пабудаваны вялікі дрэваперапрацоўчы завод у Ляскавічах, які патрабаваў драўніны. Затым было перазанаванне, калі частку поймах дуброваў з запаведнай зоны, там былі праведзеныя высечкі і дазволенае паляванне. Навуковы аддзел скарачаўся».

Былыя і цяперашнія працаўнікі «Прыпяцкага» шкадуюць не толькі з прычыны таго, што запаведнік выкарыстоўваецца перадусім для загатоўкі драўніны і камерцыйнага палявання. Турыстычны патэнцыял гэтых мясцінаў не рэалізоўваецца – кажуць нашыя суразмоўцы.

«Перш за ўсё – гарадзішча, якое можна сёння пабачыць. Гэта вельмі цікава – пайсці і пабачыць рэчышча старажытнай Прыпяці, гэта не выкарыстоўваецца, на жаль», – распавядае археолаг Алена Байкоўская.

Тым часам Нацыянальны парк «Прыпяцкі» тэрытарыяльна пашыраецца: напярэдадні 50-годдзя ў ягонае распараджэнне перадалі адно з найвялікшых на Гомельшчыне азёраў – Чырвонае.

«На 50-годдзе «Прыпяцкага» вельмі прыкра разумець, што прыродаахоўная ўстанова, закліканая ахоўваць прыроду і займацца экалагічнай адукацыяй, навуковай працай, сталася гаспадарчым суб’ектам, які захоплівае іншыя тэрыторыі», – гаворыць Інэса Балоціна.

Інэса Балоціна разам з аднадумцамі стварыла грамадскую кампанію «За будучыню Прыпяцкіх дуброваў». Дзеля абароны палескай прыроды і яе захавання для наступных пакаленняў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu