Аб'ектыў 16.10.2019 Кіраўніцтва магілёўскага «Омск Карбону» пераканала эколагаў?


Расейскі завод «Омск Карбон» пад Магілёвам ужо некалькі гадоў з пераменным поспехам змагаецца з мясцовымі жыхарамі. Абодва бакі падавалі скаргі ў пракуратуру, збіралі подпісы і ладзілі прэс-канферэнцыі, у часы замірэння садзілі разам дрэвы. І вось дайшло да спакойных перамоваў і тлумачэння пазіцыяў. Галоўнае пытанне: ці ёсць небяспека новых выкідаў сажы проста ў вокны людзям?

Кіраўніцтва магілёўскага «Омск Карбону» спрабуе пераканаць, што прадпрыемства бяспечнае. На заводзе адбылася адмысловая сустрэча, на якой, апроч эколагаў, прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва свабоднай эканамічнай зоны і аблвыканкаму. Не было на сустрэчы не толькі мясцовых жыхароў: актыўных праціўнікаў будовы туды таксама не запрасілі.

«Я не магу сказаць, паводле якой сістэмы «Омск Карбон» вырашаў каго запрашаць. Хутчэй за ўсё самых лаяльных на іхную думку», – мяркуе каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў.

Тыя эколагі і грамадскія актывісты, што прысутнічалі на сустрэчы, вынікам засталіся задаволеныя.

«Не магу сказаць, што я проста супакоілася, мне трэба падумаць прааналізаваць, але сёння сапраўды быў вялікі крок, каб зразумець, што тут адбываецца, і зразумець, наколькі гэта небяспечна», – адзначае эколаг Ганна Скрыган.

Паводле прадстаўнікоў «Омск Карбону», баяцца шкодных выкідаў у гараджанаў няма прычынаў. А што датычыць выкіду сажы, які адбыўся летась у лістападзе, то кіраўніцтва заводу пераконвае, што перавышэнне канцэнтрацыі цвёрдых часцінак было толькі каля трубы.

«Прадпрыемства, напрыклад, у Нямеччыне, яно размяшчаецца ўвогуле ў рысе гораду ў Кёльне. У Іспаніі. І такіх прыкладаў вельмі шмат, таму непакоіцца ў людзей няма падставаў», – лічыць кіраўнік юрыдычнага аддзелу прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў».

Праціўнік заводу Андрэй Бодзілеў мае іншае меркаванне на гэты конт:

«Чаму трэба баяцца? Бо інцыдэнт быў, нягледзячы на завярэнні пра бяспеку гэтага заводу. Упэўненасці на сённяшні дзень няма, дакументацыі нам не даюць, каб пераканаць нас, даць нам вывучыць і сказаць: глядзіце, нам хаваць няма чаго, ідзіце, звярайце, глядзіце».

Апытаныя намі магілёўцы выкідаў з заводу баяцца і пераканаць іх у бяспечнасці прадпрыемства кіраўніцтву будзе складана:

«Я не ведаю, ці можна ў гэтым пераканаць людзей».

«Я нават не магу сказаць. Калі б я там была, то, можа, штосьці і…»

«Можа, запусціць рэкламную кампанію? Не думаю, што гэта спрацуе, але ўсё ж».

«Я б паглядзеў рэпартаж вашага тэлеканалу з гэтага заводу, каб супакоіцца ці, наадварот, расперажывацца».

«Я не думаю, што ён будзе бяспечны, штосьці будзе выдзяляць».

Паводле ўдзельнікаў, пытанне будовы станцыі маніторынгу паветра ўздымалася падчас сустрэчы.

«Я пытаўся пра тое, ці гатовы «Омск Карбон» браць удзел у інвест-праекце для набыцця абсталявання для кантролю навакольнага асяродку, і яны адказалі, што гатовыя ўзяць удзел салідарна з усімі рэзідэнтамі СЭЗ», – распавядае актывіст Зміцер Яўстратаў.

Праект станцыі пакуль у стадыі разгляду, дзясятак прадпрыемстваў у свабоднай эканамічнай зоне ўжо працуе, і запуск першай тэхналагічнай плыні заводу «Омск Карбон» плануецца ўжо сёлета.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары