Кіраўніцтва гарадзенскага аўтапарку запужвае кіроўцаў


Чатыры гадзіны на сон у дзень і адзін выходны на тыдзень. У такіх умовах вымушаныя працаваць кіроўцы Гарадзенскага аўтапарку № 21. Разабрацца з тым, як выконваецца працоўнае заканадаўства на прадпрыемстве, паабяцалі ў абласной пракуратуры. Аднак, калі б не рэзанансны выпадак з кіроўцам, які спыніў аўтобус на мосце і на вачах у пасажыраў скокнуў у Нёман, пра сітуацыю, бадай, ніхто б і не даведаўся.

Бунт на караблі, што набіраў абароты, гэтак і не адбыўся

«Не могуць знайсці ніякай управы на кіраўніцтва аўтобуснага парку, таму што дырэктар з’яўляецца дэпутатам, у добрых стасунках з пракурорам, з Губернатарам, малейшыя спробы навесці парадак сярод працаўнікоў зніштажаецца на карані. Людзі запужаныя», – даводзіць Анатоль Мышкевіч, прадстаўнік кіроўцаў з незалежнага прафсаюзу РЭП.

Сярэднестатыстычны кіроўца адпрацоўвае ў аўтапарку 240 гадзінаў на месяц без уліку праходжання медагляду перад рэйсам ды мыцця, прыбірання салону і запраўкі аўта па заканчэнні рэйса. А гэта – каля 30-ці дадатковых гадзінаў на месяц. Дадому кіроўцы вяртаюцца аб 11-ай вечара, а ўжо а 4-ай раніцы зноў падымаюцца на працу. У такіх умовах працаўнікі папросту не высыпаюцца, што яшчэ і прыводзіць да небяспечнай сітуацыі на дарозе. Літаральна два дні таму адзін кіроўца аўтапарку заснуў за стырном падчас рэйсу і ўрэзаўся ў слуп.

Паводле афіцыйнай версіі – не даў рады з кіраваннем, бо аўтобус падрэзалі

«Кіроўца адразу пасля аварыі патэлефанаваў сваім калегам і сказаў, што проста ён вырубіўся, то бок – заснуў за стырном, і яго панесла ўбок. Але праз некалькі гадзінаў з ім звязалася кіраўніцтва аўтапарку і, я мяркую, паабяцалі грошы, каб ён замаўчаў», – сведчыць спадар Мышкевіч.

Нават пры вялікай загружанасці шмат якія кіроўцы вымушаныя ісці на пазаўрочную і працу ў выходныя. Бо пры ўліку выкананай нормы максімальны заробак складае толькі Br 500–550 у месяц. Цягам двух гадоў выплаты працаўнікам гарадзенскага аўтапарку зменшыліся ўдвая. Калі яшчэ ў 2015-м за гадзіну кіроўца зарабляў Br 1,7, то цяпер атрымлівае толькі Br 0,9.

Стаць на абарону працаўнікоў няма каму

«Мы бачым зараз спалучэнне такіх элементаў дзікага капіталізму з аднаго боку, а з іншага боку – найгоршых праяў сацыялістычнай мадэлі эканомікі, дзе працоўныя людзі нічым не абароненыя і залежаць толькі ад адміністрацыйнай волі свайго кіраўніцтва, таму што кантракты гэтыя працоўныя не прадугледжваюць абароны і нейкіх сацыяльных гарантый ім не могуць даць», – падсумоўвае праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

Стаць жа на абарону працаўнікоў фактычна няма каму. Прафсаюзы пры дзяржаўных прадпрыемствах збольшага выконваюць функцыю дэкаратыўнага прыдатку органаў кіравання ды ігнаруюць парушэнні нормаў працы і адпачынку працоўных.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкаму