КДБ цісне на каталікоў за дапамогу бяздомнікам


Былому фельчару каталіку Аляксею Шчадрову – 32 гады, і ўжо шосты год ён дапамагае бесхацінцам у прытулку, які сам і заснаваў у вёсцы Аляксандраўка, што пад Шчучынам. Цяпер у прытулак прыязджаюць бяздомныя з усёй краіны. Шчадроў, або, як ён сам сябе называе, брат Луіджы, шукае іх на вуліцах і сам.

«Мыў іх, займаўся імі, каб паказаць, што іх нехта любіць, што яны камусьці патрэбныя. Я хрысціянін, і так вучыць Касцёл, Евангелле – што трэба дапамагаць бедным», – кажа брат Луіджы.

У прытулку ёсць свой расклад дня

Ужываць алкаголь забаронена, бо асноўная маса падапечных брата Луіджы – былыя алкаголікі. Ён таксама прымае пад сваім дахам інвалідаў, якія трапілі на вуліцу, ад якіх адцураліся сваякі.

Прытулак не мае дапамогі ад Касцёлу або афіцыйнай рэгістрацыі, грашыма і адзеннем дапамагаюць прыватныя асобы, а таксама сябры партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Мясцовыя ўлады пра ініцыятыву брата Луіджы ведаюць і распачалі сапраўднае цкаванне: у прытулак прыходзілі з КДБ ды рабілі ператрус, Аляксея Шчадрова падазравалі ў стварэнні незаконнай рэлігійнай арганізацыі, а месяц таму дзяржаўны канал «Беларусь-4» паказаў 19-хвілінны сюжэт, дзе яго называюць махляром і сектантам.

«Яны кажуць: зʼязджай адсюль, адкрывай у іншым месцы. Я разумею, што кожны начальнік аберагае, кожная ўлада, каб нічога не было. Мне старшыня сельсавету кажа: я цябе прашу, дай мне дапрацаваць да пенсіі, год застаўся», – распавядае Аляксей Шчадроў (брат Луіджы).

Ціск на бяздомнікаў – кампанія супраць палітыкаў?

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што праблема тут не толькі ў тым, што прытулак муляе вочы мясцовым міліцыянтам: такія сюжэты – частка кампаніі дзеля дыскрэдытацыі непраўладных ініцыятываў, у першую чаргу – ініцыятываў БХД.

Калі раней псеўдавыкрывальныя сюжэты з’яўляліся толькі на дзяржаўных каналах, то цяпер, кажуць у БХД, негатыўная актыўнасць уладаў пашырылася на youtube ды сацыяльныя сеткі.

Апошняю кропляю стала відэа пра актывістку партыі Таццяну Севярынец, якую назвалі сектанткай. На думку сябраў БХД, такія ролікі – помста за ўдзел у вясновых акцыях пратэсту.

БХД звярнулася ў пракуратуру з патрабаваннем знайсці ўладальнікаў сайтаў, праз якія распаўсюджваецца хлуслівая інфармацыя, ды журналістаў, што робяць дыскрэдытоўныя сюжэты, і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Настасся Храловіч, «Белсат»