Казусы падрыхтоўкі да прыезду Лукашэнкі. На гэты раз у Гомлі


Нанова асфальтуюць дарогі, мяняюць плітку на ходніках, фарбуюць будынкі ды мыюць помнікі. Гомель рыхтуецца да прыезду Аляксандра Лукашэнкі. Днямі ён тут правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам у межах Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

«Кажуць, што прыедзе Лукашэнка, Парашэнка і яшчэ там хтосьці».

Навядзенне марафету перад прыездам кіраўніка краіны – практыка стандартная. Аднак у Гомлі не абышлося без канфузу. На вуліцы Савецкай кладуць новую плітку ў форме беларускага арнаменту. Для гэтага рабочыя дэмантуюць папярэднюю плітку, што паклалі ўсяго год таму.

Жыхары Гомля:

«Паглядзіш куды далей, то там такая жахлівая дарога: ямы, лужыны. Таму я сама здзіўляюся, чаму тут увесь час змяняюць асфальт і кладуць новы, з пліткай тое ж самае».

«Былі, вядома, нейкія шчыліны, але каб столькі змяніць! Я лічу, што з гэтых людзей навокал проста цягнуць грошы!»

«Паказуха, так. Адным словам, паказуха».

«Грошы проста цягнуць, але зайдзі ў двары – чорт нагу зломіць».

«Камусьці трэба адмыць грошы, я так думаю. Столькі перашкодаў для мінакоў! Гэта не перадаць!»

Паводле апазіцыйнага палітыка Васіля Палякова, ва ўладаў адсутнічае наўпроставы дыялог з грамадзянамі. Каб пазбегнуць падобнага марнатраўства, трэба, каб чыноўнікі запытвалі ў гараджанаў, якія змены ў горадзе патрэбныя ім. Васіль Палякоў, апазіцыйны палітык:

«Насамрэч гэта паказуха. Замест таго, каб думаць пра простых людзей, улады імкнуцца дагадзіць прэзідэнту і ягонаму атачэнню. Адзінае станоўчае ў тым, што размова ідзе пра сустрэчу з прэзідэнтам Украіны. Гэта сведчыць, што Беларусь спрабуе не толькі дагадзіць неяк Пуціну».

Перад прыездам кіраўнікоў краінаў у Гомлі актывізаваліся і праваахоўныя органы.

«Толькі што патэлефанавалі з «дазвольнага аддзелу» РАУС з патрабаваннем здаць на часовае захоўванне мой старэнькі газавы «Walther PP».

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў гамяльчук Юрый Варонежцаў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР. Патрабаванні праваахоўнікаў мужчына называе незаконнымі. Юрый Варонежцаў, грамадскі дзеяч:

«Ёсць пэўны закон пра надзвычайнае становішча з пагрозаю масавых беспарадкаў. Калі яго абвяшчаюць, то ў грамадзянаў могуць у выключных выпадках часова забраць зброю. Я не збіраюся па нейкім званку бегчы і здаваць пісталет. Хоць ён мне і не патрэбны, магу хоць зараз выкінуць, – але гэта справа прынцыпу».

Пісталет грамадскі дзеяч мае на законных падставах з 1996 года. Кажа, што раней такіх патрабаванняў міліцыя не выстаўляла. Цяпер жа міліцыянты патрабуюць, каб газавую зброю ён здаў да 24-га кастрычніка. Візіт Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ў Гомель запланаваны на 25-га і 26-га кастрычніка.

Міхась Ільін, belsat.eu