Аб'ектыў 05.12.2018 Кажаны атрымалі ўласны зімовы «санаторый»


Зімовы «санаторый» для кажаноў у Менску прыняў першых пастаяльцаў: дзясяткі рукакрылых да вясны будуць зімаваць у адмысловай лядоўні. Каб захаваць папуляцыю кажаноў, у Рэспубліканскім цэнтры краязнаўства створаны першы ў Беларусі асяродак рэабілітацыі жывёлінак – «Кажанполіс». Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам з навукоўцамі заклікаюць прыносіць сюды знойдзеных кажаноў.

Каля двух дзясяткаў вось такіх крылатых істот будуць заставацца ў лядоўні ўсю зіму, каб там спаць, а прачнуўшыся вясною – вернуцца ў жывую прыроду. Першыя кажаны ўжо атрымалі новыя персанальныя кватэры-мяшэчкі, у якіх праспяць да вясны. У першы «Кажанполіс» жывёлак прынеслі ратавальнікі ды звычайныя людзі – з Менску, Гомля, Віцебску.

«Узімку шмат якія кажаны проста трапляюць у вельмі небяспечныя сітуацыі. Яны пачынаюць зімаваць побач з чалавекам, пачынаюць шукаць сабе месца для зімоўкі, не знаходзяць гэтага месца. Шмат кажаноў знаходзяць у пад’ездах, знаходзяць на вуліцы, на снезе. Ну, вядома, з гэтай праблемай трэба штосьці рабіць», – перакананы Аляксей Шпак, працаўнік Акадэміі навук, стваральнік «Кажанполісу».

У Беларусі зарэгістравана 19 відаў кажаноў, і восем з іх – занесеныя ў Чырвоную кнігу. «Кажанполіс» – спроба ратаваць папуляцыю.

«Узімку кажаны спяць – упадаюць у стан вельмі глыбокага сну, які завецца гібернацыяй. І для найбольш камфортнага сну ім патрэбная тэмпература прыкладна пяць градусаў вышэй за нуль. І гэта тэмпература звычайнай бытавой лядоўні, і кажаны будуць зімаваць у прыкладна такіх умовах», – кажа Аляксей Шпак.

Акрамя каштоўнасці біялагічнай разнастайнасці, кажаны яшчэ і карысныя істоты: штоноч у лясах і на палетках кожная жывёліна ловіць і з’ядае шкодных насякомых у аб’ёме ўласнай вагі. Шмат якіх людзей палохае начны лад жыцця і грозны выгляд жывёлінак, але і кажаноў можна любіць.

«Няма такіх ні жывёл, ні птушак, ні насякомых, якіх нельга любіць. Бо гэта нашая біяразнастайнасць, і яе варта захоўваць, бо гэта дзікая прырода», – распавядае Наста Рэзнікава, сябра рады ГА «Ахова Птушак Бацькаўшчыны», стваральніца «Кажанлісу».

Увесну ўсе кажаны пакінуць лядоўню і вернуцца ў натуральны прыродны асяродак. А пакуль заснавальнікі заклікаюць не быць абыякавымі і знойдзеных кажаноў прыносіць у часовы прытулак «Кажанполіс» на вуліцы Макаёнка, 8 у Менску.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары