Каваль з Глыбокага выкаваў зброю паўстанцаў 1863 года


У гонар гадавіны пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага – апошняга вызвольнага паўстання 19 стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі – каваль з Глыбокага Дзяніс Дубіна ўзяўся выкаваць сапраўдную касу паўстанца.

«У розны час даводзілася кавалю станавіцца збройнікам. Жалеза было дарагое, зброю даводзілася рабіць з косаў, з сярпоў», – кажа Дзяніс.

Дзяніс Дубіна – сын вядомага каваля Аляксандра Дубіны. Ягоны бацька ў свой час спрычыніўся да адраджэння кавальскай справы на Глыбоччыне.

Дзяніс узгадвае: «Быў малы, бацька зрабіў кузню. Адразу бегалі, глядзелі ў вокны. Як яно тут што, сабяруцца мужыкі барадатыя страшныя і стаяць тут каля горна».

Сёння, як і ў 1863 годзе, у кузні нарадзілася новая зброя касінераў.

Паводле рэканструктара Віктара Дудкевіча, каса ў спрытных руках – даволі эфектыўная і зручная зброя.

«Першы строй ішоў з ружжамі, другі з пікамі, а трэці з косамі. Або маглі змяніцца – першы з ружжамі, потым з косамі, з пікамі», – апісвае тактыту бою Віктар Дудкевіч.

І хоць гэткая зброя не была такая ж эфектыўная, як стрэльбы расейскага войска, яна стала сімвалам барацьбы «За нашу і вашу свабоду».

Анастасія Русецкая, «Белсат»