Каўбаса больш не падаражэе, але стане дэфіцытнаю і з кардону


Кошты на каўбасу – замарозіць! Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло мараторый на змены ў коштах на мяса і прадукты з яго. Як гэта адаб’ецца на якасці прадуктаў, і ці варта чакаць вострага дэфіцыту, як было сем гадоў таму?

Марозілі толькі мяса, цяпер – возьмуцца і за кошты на яго. Неўзабаве цана на такую катлетную ялавічыну застыне на мяжы пятнаццаць рублёў за кілаграм. Прыемная навіна для спажыўца, якога непакоіць імклівы рост коштаў перадусім на харчы.

«Малако, хлеб, смятана, масла… і ў дзесяць рублёў не ўкладаемся».

«На харчы, на гародніну, на камунальныя паслугі растуць».

«Я намагаюся ўвогуле коштаў не фіксаваць, каб яны мяне не раздражнялі», – кажуць жыхары Магілёва.

Летась дзяржаву раздражнялі кошты на малочныя прадукты, якія выраслі на 10 %. «У малако ўмяшалася» Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Вытворцы пачалі ўзгадняць з ім цану, што дазволіла сёлета стрымаць рост коштаў да 4 %. Манеўр паўтораць з мясам.

«Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю працягне маніторынг ды пры невыкананні такіх дамоўленасцяў унясе пастанову аб рэгуляванні коштаў», – тлумачыць Уладзімір Калтовіч, міністр антыманапольнага рэгулявання.

За кошты на мяса ўзяліся, таму што яно займае ажно пятую долю ў структуры гадавой інфляцыі (0,9 % з 4,9 %). Каб выканаць абяцаны кіраўніку краіны выніковы паказнік росту коштаў, Нацыянальны Банк, прэмʼер-міністр і ягоныя калегі вяртаюцца да ручнога кіравання эканомікаю.

«Гэта прывядзе да таго, што ў нашай каўбасе будзе менш мяса, але больш соі, больш кардону, больш іншых і ўжо вельмі дрэнных для здароўя рэчываў. Гэта давядзе да таго, што добрыя спажывецкія тавары будуць пакідаць нашую краіну, таму што іх будуць вывозіць на продаж», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Як гэта было ў недалёкім 2011-ым годзе… З паліцаў змяталі нават субпрадукты, бо да суседзяў у вырай адляцела спачатку спажывецкая птушка, а потым мігравалі ўсе гатункі мяса. Адно ў Расеі, Казахстане і Украіне вытворца мог зарабіць на тым, што гадуе. Пазбегчы паўтору можна праз адкрыты канкурэнтны рынак без нетарыфных барʼераў.

«…І дазволіць прадпрымальнікам займацца бізнесам у мясамалочнай і іншых галінах, чыноўнікі кажуць – не-не, няхай будзе продаж тавараў такая як ёсць, але мы будзем больш іх рэгуляваць. Гэта неразуменне асноваў малой адкрытай эканомікі і эканамічнай тэорыі», – дадае Яраслаў Раманчук.

І жорсткае ўмяшанне… Да канца года антыманапольнае міністэрства расследуе прычыны 20-адсоткавага скоку коштаў на мяса курэй. Абы не давялі да чарговага дэфіцыту на мяса. Таму будзем цешыцца, але ў лядоўні пакінем некалькі кілаграмаў. На ўсялякі выпадак.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM