Аб'ектыў 27.03.2017 Катастрофа, працы няма! Чыноўнікі не ведаюць, што рабіць


На фоне судоў над незадаволенымі ўлады абяцаюць заняцца эканомікаю рэгіёнаў. Сёння ў вялікае турнэ па Беларусі накіроўваюцца працоўныя групы міністэрстваў эканомікі, працы ды будаўніцтва – для вывучэння праблемных пытанняў і спосабаў іх развязання.

Якіх вынікаў чакаць ад працы камісіі?

Паскорыць у рэгіёнах рост заробкаў, колькасці працоўных месцаў, інвестыцыяў ды будаўніцтва. Наступныя два тыдні працоўныя групы Савету міністраў будуць ездзіць па Беларусі. І разам з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, дзяржаўных прадпрыемстваў і бізнесу шукаць шляхі для развязання праблемаў.

План перавыканалі, але беларусам ад гэтага не лягчэй

Між тым, паводле афіцыйнай статыстыкі, эканамічная сітуацыя ў шмат якіх галінах выглядае лепш, чым прагназавалася. Замест 15 тысячаў новых працоўных месцаў, што меліся стварыць па выніках кварталу, паўстала ажно 19 тысячаў, прычым усяго за 2 месяцы. Ці заўважылі перавыкананне планаў беларусы, мы запыталіся на вуліцах Берасця.

«У мяне вунь знаёмая. У яе муж 46 гадоў, ужо 2 гады ня можа нідзе ўладкавацца. І стаіць у службе занятасці і нічога не прапануюць».

«Не прапануюць у цэнтры занятасці ўвогуле ніякіх вакансіяў»

«Давялі краіну да ручкі».

– адзін за адным казалі мясцовыя жыхары.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, растуць і заробкі

Як сцвярджае Нацыянальны статыстычны камітэт, за два месяцы сёлета рэальная сярэдняя выплата працоўным – то бок з улікам інфляцыі, па Беларусі павялічылася на паўадсотка. А ў Берасцейскай вобласці нават крыху больш.

Сярод апытаных намі берасцейцаў не знайшлося нікога, хто мог бы пафанабэрыцца падвышэннем заробкаў.

Добра плоцяць толькі на флагманах эканомікі

Незалежныя прафсаюзы адзначаюць: сёлета заробкі і працоўная загружанасць сапраўды павялічыліся, але толькі на флагманах прамысловасці, такіх як МАЗ, Трактарны завод ці «Гомсельмаш», якія летась атрымалі сотні мільёнаў долараў дзяржаўнага падтрымання. На іншых прадпрыемствах, перадусім у рэгіёнах, сітуацыя, наадварот, пагаршаецца.

«Гэтыя праблемы трэба было вырашаць яшчэ ўчора, а не ехаць цяпер у рэгіёны і пытацца людзей – што вам трэба. Ітак вядома, што ім трэба – праца ім трэба!», – кажа прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

Не за гарамі новая дэвальвацыя?

Як паведамляюць крыніцы агенцтва «БелаПАН», на мінулым тыдні адміністрацыя Лукашэнкі зыніцыявала перагляд грашовай палітыкі. Назіральнікі мяркуюць, што гэта звязана з загадам кіраўніка краіны забяспечыць сярэдні заробак $ 500. Былы старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч ужо заклікаў вярнуцца да стымулявання эканомікі шляхам друкавання грошай. Аднак за апошнія 7 гадоў гэтая палітыка прывяла да дзвюх абвальных дэвальвацыяў, а кожны дзясяты рубель бюджэту цяпер ідзе на выплату адных толькі адсоткаў за дзяржаўную запазычанасць.

Да вынікаў працы міністэрскіх групаў у рэгіёнах прафсаюзы ставяцца насцярожана, адзначаючы, што праблемы плануецца развязваць тымі ж метадамі, якія іх спрычынілі: шляхам адміністрацыйнай мабілізацыі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары