Катастрафічны рост карупцыі ў Беларусі. Хто вінаваты?


Летась у Беларусі зафіксавалі 1922 выпадкі хабарніцтва. Гэта ў паўтара разу больш, чымся годам раней. А ў 2016-ым Міністэрства ўнутраных справаў таксама адзначыла рост карупцыйных злачынстваў на 12,8 %.

Міліцэйскую статыстыку пацвярджаюць і апытанні беларускіх бізнесоўцаў

Паводле Даследчага цэнтру ІПМ, у апошнія гады карупцыю ў Беларусі называў высокаю кожны трэці апытаны прадпрымальнік. У 2016 годзе ацэнка сітуацыі палепшылася, але ў 2017-м яна вярнулася да ранейшых трывожных паказнікаў. Адна з прычынаў карупцыі – у высокай прысутнасці дзяржавы ў эканоміцы.

«Калі чыноўнік надзелены такім спакусамі, што ён можа выдзеліць табе зямлю, а можа не выдзеліць; можа арганізаваць табе праверку, а можа не арганізаваць, а ягоная дзейнасць не кантралюецца ні парламентам, ні масмедыя, якія маюць абмежаваны доступ да інфармацыі, то, вядома, чыноўнік будзе гэта выкарыстоўваць», – тлумачыць палітык Анатоль Лябедзька.

Беларуская карупцыя канцэнтруецца ў сферы бізнесу

Звычайныя грамадзяне сустракаюцца з ёю не так часта.

Летась афіцыйны Менск трэці раз не даў згоды на публікацыю справаздачы пра барацьбу з карупцыяй, якую падрыхтаваў GRECO – адмысловы орган Рады Еўропы.

Зафіксаваны статыстыкаю рост выпадкаў хабарніцтва можа сведчыць як пра пагаршэнне сітуацыі з карупцыяй, так і наадварот – пра тое, што праваахоўнікам далі загад правесці антыкарупцыйную кампанію.

«Эфектыўнасць праваахоўных органаў у барацьбе з карупцыяй з кожным днём узрастае. Гэта станоўчы працэс, бо калі з карупцыяй не змагацца, то яна пачне табой кіраваць. Аднак гэта касметычныя метады, якія не вырашаюць праблемы, а спрабуюць прадставіць сітуацыю ў лепшым свеце, скласці справаздачу перад электаратам, паказаць, што галава дзяржавы выконвае свае абавязкі», – упэўнены праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Летась паводле абвінавачання ў атрыманні хабару затрымалі цэлы шэраг буйных беларускіх чыноўнікаў. Сярод іх – намеснік генеральнага дырэктара заводу «БелАЗ», начальнік транспартавай інспекцыі Мінтрансу, былы старшыня Салігорскага райвыканкаму, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі з Менскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцёў.

Аляксандр Папко, «Белсат», фота: profit.ro