Каталікі святкуюць: калядная беларуская батлейка


Штогод на Каляды кожны касцёл рыхтуе ўласныя стаенкі, што адлюстроўваюць біблейскую сцэну нараджэння Хрыста. А пасля вігілійнай ночы ўва ўсіх шопках з’явілася фігура маленькага Езуса.

«Традыцыя зʼяўляецца, што шопкі робяць таксама ў сваіх семʼях, сваіх дамах. Гэта вельмі добрая традыцыя, таму што падрыхтаваць шопку, прыгатаваць усе гэтыя фігуркі – не толькі ўжо купленыя паставіць – таксама падрыхтаваць, нейкую дэкарацыю зрабіць. Гэта яднае людзей», – лічыць пробашч гарадзенскага Фарнага касцёлу айцец Ян Кучынскі.

Падрабязней біблейскі сюжэт распавядае традыцыйная беларуская батлейка. На Каляды граюць пʼесу «Цар Ірад».

«Гэта сцэна нараджэння Ісуса Хрыста, гэта сцэна пакланення пастушкоў і каралёў. Сцэна таксама ў палацы Ірада, калі Ірад хоча забіць немаўлят, выпытвае ў мудрацоў, дзе і калі нарадзіўся Езус Хрыстус, адпраўляе свайго ваяку. Тое, што традыцыйна для нашай культуры. І таксама сцэна помсты Іраду за яго злачынствы, калі прыходзіць чорт», – распавядае грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот.

Дзіцячую імпрэзу з батлейкаю сёння ладзілі ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў у Гомлі. Тэкст пʼесы аўтэнтычны, на аснове матэрыялаў з экспедыцый.

«Хоць і касцяк сюжэту быў адзін і той жа, але кожны раз імкнуліся асучасніць мову герояў, нейкія дзеянні, якія больш-менш удакладняліся. Такім чынам батлейка можа быць сучаснай формай падачы інфармацыі, і, канечне, павучальная», – тлумачыць дырэктар Веткаўскага музею Пятро Цалка.

Акрамя прафесійнай батлейкі, сёлета ў музеі паставілі і пʼесу з постацямі, што змайстравалі маладыя наведнікі.

«Заўсёды ціха, утульна, вельмі па-сапраўднаму. Нідзе няма такой атмасферы свята», – дзеліцца ўражаннямі наведніца Марыя, якая прыйшла са сваёй дачкой Маяй.

Спачатку батлейка была вандроўным тэатрам і адлюстроўвала толькі біблейскія сюжэты. Пазней пачалі паказваць і камедыйныя побытавыя эпізоды.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu