Каталікі рыхтуюцца да Вялікадня


Вялікая, або Пакутная субота – час своеасаблівай жалобы вернікаў па ўкрыжаванні Збаўцы, але і час чакання Ягонага Уваскрашэнне. Тысячы каталікоў сёння наведваюць касцёлы, каб асвяціць стравы на велікодны стол. Мы завіталі да сям’і Папкоўскіх, якія спяшаюцца ў сваю парафію. Засталося паставіць хлеб у духоўку ды пафарбаваць яйкі.

«Для кожнага беларуса, сапраўднага верніка вельмі важна захоўваць традыцыі. У гэты дзень мы панясем не толькі ежу пасвяціць, не толькі разам памолімся, але будзем старацца ў гэты дзень быць разам, будзем над пісаннем разважаць і чакаць уваскрашэння», – распавядае Анжаліка Папкоўская, каталіцкая верніца.

Асноўны сэнс Вялікай суботы – чаканне ўваскрашэння Хрыста, кажуць у касцёле. І рыхтаванне духоўнае мусіць быць перадусім.

«Хрыстос нам даў сябе, каб мы спажывалі матэрыяльна і ядналіся з ім падчас кожнай святой імшы на працягу года. Гэта дае нам жыццё і дае нам сэнс жыцця», – кажа ксёндз Ігар Лукашук.

Найважнейшыя перадвелікодныя дні ў Каталіцкім Касцёле распачаліся з чацвярга. У чацвер, паводле Бібліі, адбылася апошняя вячэра Хрыста з вучнямі. У пятніцу – Езуса ўкрыжавалі. Сёлета тэма крыжа мае асаблівае значэнне, кажа ксёндз Ігар Лашук.

«Паўтарэнне, можна сказаць, той трагедыі на зямлі, часоў камуністычных, калі здымалі крыжы, знішчалі крыжы, і трагедыя курапацкая, калі чалавек ізноў падняў руку на крыж на нашай зямлі», – працягвае ксёндз Ігар Лашук.

Сёння вернікі ўзгадваюць пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Для кожнага гэты дзень мае сваё сакральнае значэнне.

«Намагаешся ў душы наладзіцца на вясну, на аднаўленне, дзіцёнка да гэтай справы прыяднаць».

«Самае галоўнае духоўнае – гэта дабрыня чалавечая. Сённяшні дзень – такі ясны, светлы для людзей».

«Для мяне гэты дзень – гэта чаканне шчасця, чакання таго, што ў нас адраджэнне жыцця».

Удзень у касцёлах не адпраўляюць святой імшы. Вернікі ідуць сюды, каб памаліцца ў поўнай цішы. Цягам дня добраслаўляюцца велікодныя стравы, а ўжо ўвечары ў святых месцах адбудзецца галоўнае ўрачыстае набажэнства – велікодная вігілія.

Святкаванне з мёртвых паўстання Пана распачнецца з асвячэння новага агню. Вернікі запаляць свечкі, каб Збаўца прыйшоў і знайшоў іх у чуваннях.

Таццяна Уласенка, belsat.eu