Каталікі і пратэстанты рыхтуюцца адзначаць Раство


Зімовыя святы без снегу? Здаецца, сёлета беларусам выпадзе адзначаць Каляды менавіта ў такіх умовах. Замест сумётаў – ледзь не вясновае надвор’е. Але на настрой і традыцыі гэта не ўплывае. Беларусы ставяць ялінкі, рыхтуюць святочныя сталы і збіраюцца адзначаць Каляды.

У сям’і Скарабагатых ў падрыхтоўцы да свята задзейнічаны кожны. Раство ў гэтым доме мае сакральнае значэнне.

Леанід Скарабагаты, шматдзетны бацька тлумачыць:

«Ёсць старажытнае такое паданне, што у вечар свята на парозе кожнай хаты збіраюцца два анёлы: чорны анёл і анёл святла. І яны стаяць удвух і глядзяць, што людзі робяць у гэты вечар».

Калі ў хаце пануюць мір і любоў, то чорны анёл сыходзіць, і ў доме на цэлы год селіцца добры анёл.

«А калі людзі за сталом разам не збіраюцца, Госпаду Богу не моляцца, разам не вячэраюць, сварацца, то тады – наадварот. Анёл цемры кажа анёлу святла: ну што, бачыш? Бачу. І сыходзіць», – распавядае Леанід Скарабагаты.

Гэта калядныя традыцыі, якія ўшаноўваюцца ў сям’і Скарабагатых і ў шмат якіх беларускіх сем’ях. І не толькі ў каталікоў, але і ў праваслаўных, што будуць святкаваць Раство праз трынаццаць дзён.

Ала Скарабагатая, шматдзетная маці:

«Гатуем ежу, дзяўчаты мне заўжды дапамагаюць. Дзяўчаты любяць пекчы печыва, пірагі, нешта рабіць кулінарнае. Але і салаты, і астатняе таксама».

Але самае прыемнае і доўгачаканае ў гэты дзень – сабрацца ўсёй сям’ёй, сустрэцца са старэйшымі дзецьмі, якія жывуць далёка, і ў бацькоўскай хаце гасцююць не часта. Усяго за вялікім калядным сталом збіраюцца чатырнАццаць чалавек. Паставілі Скарабагатыя і ялінку, пад ёй дзеці знойдуць падарункі. У кожнага ў вялікай сям’і свае пажаданні:

«Хачу ляльку лол. Арыгінальную».

«200 рублёў».

«Я ўжо знайшла ў гэтым годзе. Мне паставілі брэкеты».

Традыцыі святкавання Раства перадаюцца з пакалення ў пакаленне, для вернікаў гэта у першую чаргу духоўнае свята. Аднак у большай ці меншай ступені калядная абрадавасць захавалася ў кожнай беларускай сям’і.

Настасся Марозава, навуковая супрацоўніца Акадэміі Навук:

«Усвядомлена або не, мы выконваем некаторыя рытуалы, калі рыхтуемся да свята. Так, лічыцца, што трэба прыбраць у хаце, чыста памыцца, упрыгожыць хату. Калі гэта хатняя гаспадарка – прывесці да ладу двор, пабудову, агароджы, свойскую жывёлу. Трэба падрыхтаваць калядны стол».

І ўсе гэтыя дзеянні нясуць асаблівы сэнс і асаблівыя надзеі.

Настасся Марозава, навуковая супрацоўніца Акадэміі Навук:

«Свята Калядаў хоць і мае рэлігійнае і вельмі важнае значэнне, але служыць справе ўмацавання сям’і, калі мы ўзгадваем пра ўсіх нашых родзічаў, пра сваіх родных, збіраемся разам, узгадваем тых, хто з намі і каго з намі няма. Шануем памяць і закладаем традыцыі для будучых пакаленняў».

Алена Дубовік belsat.eu