Кастуся Каліноўскага перапахаваюць у Беларусі?


Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звяртаюцца да кіраўніцтва Літвы з просьбай пра перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Якія ёсць «за» і «супраць» такой ініцыятывы?

Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Радзім Гарэцкі, Зінаіда Бандарэнка – больш за сотню дзеячаў беларускай культуры падпісалі зварот да літоўскіх уладаў. Падпісанты просяць перадаць парэшткі кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага для перапахавання ў Беларусі.

«Добрая воля літоўцаў, што яны згодныя былі б аддаць, калі б была нашая ініцыятыва, раз афіцыйнай ініцыятывы няма ці яны там баяцца, то грамадства праявіла сваю ініцыятыву», – тлумачыць філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Уладзімір Мацкевіч лічыць, што для Беларусі гэтае перапахаванне мела б вялікае сімвалічнае значэнне:

«У гэтым працэсе падрыхтоўкі аншлюсу і ганебнай здзелкі я паверыў бы, што ўрад Лукашэнкі не здае беларускую незалежнасць, калі б ён ухваліў перапахаванне галоўнага героя барацьбы за беларускую незалежнасць тут, у Менску».

Меркаванні жыхароў Менску ў справе пераносу парэшткаў Каліноўскага ў Беларусь разыходзяцца:

«Калі гэта наш нацыянальны герой, такая вядомая асоба, вядома, няхай будуць усе на месцы, у Беларусі».

«Не трэба парэшткаў мёртвых турбаваць. Там, дзе ляжаць, няхай ляжаць».

«Мне падаецца, якая розніца. Галоўнае, памяць у сэрцы, а дзе пахаваны – у Вільні ці ў Беларусі…»

Беларускія навукоўцы таксама не маюць адзінага меркавання пра мэтазгоднасць перапахавання. Гісторык Алесь Смалянчук лічыць, што ў цяперашніх умовах у Беларусі няма гарантыяў годнага ўшанавання памяці і парэшткаў кіраўніка вызвольнага паўстання. Да таго ж:

«Мне падаецца, што, магчыма, шмат каму з літоўскіх палітыкаў не падабаецца прысутнасць беларускай магілы і беларускія шэсці, якія там на дзень смерці Каліноўскага, а зараз, калі ён будзе пахаваны, то яшчэ і на дзень пахавання Каліноўскага будуць адбывацца нейкія беларускія ўрачыстасці», – адзначае Алесь Смалянчук.

Дырэктар Інстытуту гісторыі ў Вільні Альвідас Нікжэнтайціс наадваротлічыць прапанову перапахаваць парэшткі ў Беларусі крокам добрай волі з боку літоўскіх уладаў, якія хочуць захаваць добрыя стасункі з найбліжэйшым суседам – Беларуссю. Але ў тым, што Каліноўскі мае застацца ў Вільні, ён згодны са сваім беларускім калегам:

«У Беларусі, на маю думку, цяпер не сфармаваліся падобныя некропалі, звязаныя з вядомымі людзьмі, важнымі для беларускага народу, і ўзнікае пытанне: калі пахаваць – то на якім месцы?»

Абодва гісторыкі лічаць, што парэшткі Каліноўскага маюць быць пахаваныя разам з парэшткамі ягоных сяброў і паплечнікаў.

Ірына Дарафейчук belsat.eu