Кастрычніцкія змены


У Беларусі зарэгістравалі блізу 80 тысячаў чалавек са станоўчым тэстам на Covid-19. За ўвесь перыяд распаўсюду інфекцыі памерлі больш за 800 чалавек. Сёння нашая краіна мелася пачаць клінічныя выпрабаванні расейскай вакцыны ад каронавіруса – «Спадарожнік V», але неўзабаве чыноўнікі абвесцілі, што эксперымент пачаўся ўжо тыдзень таму. Раней заяўлялі, што прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка выпрабаваў «Спадарожнік V» на сабе.

«Выбар відавочны. Ён абумоўлены юрыдычна, ён абумоўлены ментальна, ён абумоўлены тым, што Расея зацікаўлена, каб хаця б на адной мяжы ў яе было спакойна з суседзямі, у прыватнасці, на беларуска-расейскай. Таму я абсалютна шчыра не здзіўляюся і чакаю таго моманту, калі ў парадку жывой чаргі, я ж не Галоўчанка, можна будзе гэтую вакцыну зрабіць, атрымаць імунітэт», – тлумачыць кандыдат біялагічных навук Аляксандр Сыкала.

Сёння аднаўляюцца палёты з Беларусі ў Расею. На сайце «Белавіі» размешчаная інфармацыя пра некалькі рэйсаў у Маскву з 1 да 24 кастрычніка. Авіязносіны з нашай краінай былі прыпыненыя ў сярэдзіне сакавіка па ініцыятыве ўраду Расейскай Федэрацыі Прычына – абвешчаная адзінаццатага сакавіка Сусветнай арганізацыяй здароўя пандэмія каронавіруснай інфекцыі. Чарговая кастрычніцкая змена датычыць пенсіянераў. Для іх ільготны праезд у грамадскім транспарце падоўжыцца яшчэ на адзін месяц –

да 31 кастрычніка. Летась зніжка дзеяла да канца верасня. Пасажыры электравікоў:

«Усё залежыць ад уладаў. Можа быць, хочуць неяк супакоіць народ, асабліва пенсіянераў, каб для іх было неяк лепей».

«Проста гэта такая замануха. Задаволіць народ, пенсіянераў!»

«Можа быць, праз пацяпленне. Сезон лецішчаў – больш доўгі».

Зніжка датычыць праезду ў цягніках рэгіянальных лініяў эканом-класу, а таксама воднага і аўтамабільнага прыгараднага транспарту агульнага карыстання. З 1 кастрычніка Міністэрства інфармацыі на тры месяцы пазбаўляе партал Тut.by статусу СМІ. Што кажуць менчукі?

«Менш незалежнай інфармацыі не стане. У кожнага ёсць тэлефон, ёсць відэа – адаслаць у нейкі незалежны паблік».

«Яны звязваліся з людзьмі, якія пацярпелі, яны напісалі шмат інтэрвʼю з імі, я думаю, што гэта звязана менавіта з тым».

«Улады баяцца таго, што робіцца ў гэтай краіне. Вялікая аўдыторыя ў «Тут.баю». Гэтак жа, як у «Белсату», радыё «Свабода», таму гэта не дзіўна».

У беларусаў зʼявілася магчымасць праверыць вытворцаў прадукцыі, ці не звязаныя яны з ціскам на ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Наш суайчыннік за мяжою распрацаваў праграму «КРАМА»: праз штрых-код яна выяўляе кампаніі, якія фармуюцца ў чорны спіс.

З 1 кастрычніка – традыцыйнае штомесячнае падаражэнне некаторых марак цыгарэтаў. На 5–10 капеек павялічылася цана на вырабы тытунёвай фабрыкі «Нёман», «Табак-інвест», «Інтэр-Табака» і «Энерга-Оіл».

Таццяна Уласенка, «Белсат»