Кашулі паехалі ў Амерыку. Рэцэпт паспяховай сувенірнай крамы з Берасця


Ідэя «Князя Вітаўта» нарадзілася ў двух берасцейцаў пасля разгону шэсця на Дзень Волі ў Менску.

Ужо як месяц у цэнтры Берасця можна набыць сувеніры з нацыянальным арнаментам або «Пагоняй» – прадукцыя карыстаецца вялікім попытам і ў гасцей, і ў жыхароў гораду.

Месяц пасля адкрыцця сузаснавальнікі крамы – Сяргей Байко і Алег Чапараў – могуць святкаваць першыя поспехі: іх тавар карыстаецца ў жыхароў і гасцей гораду вялікім попытам: кашулі з вышываным арнаментам паехалі ў Амерыку, мятлікі з крамы «Князь Вітаўт» носяць франты з Нямеччыны, а зайцоў-беларусаў атрымалі ў падарунак дзеці з Ізраілю.

Аднак перадусім, зазначаюць заснавальнікі крамы «Князь Вітаўт», попыт запэўніваюць берасцейцы: цяпер па патрыятычныя сувеніры ім не трэба выбірацца ў сталіцу.

Ідэя крамы нарадзілася ў Сяргея і Алега ў Менску, пасля брутальнага разгону шэсця на Дзень Волі.

«Было дрэннае надвор’е, дрэнныя людзі, – кажа сузаснавальнік крамы Сяргей Байко. – Пасля ўсіх падзеяў зайшлі на праспекце Незалежнасці ў «ЛСТР», у symbal.by – і адразу адчулі ў душы спакой».

Менавіта ў гэты дзень нарадзілася ў нас ідэя стварыць гэтую краму, кажа Байко.

Апроч ужо распазнавальных брэндаў – такіх, як «Гонар» або «Сымбаль» – у краме можна знайсці рэчы маладых беларускіх дызайнераў – напрыклад, Антося Талашку.

Гэта вельмі падабаецца турыстам і нашым усім пакупнікам, кажа Чапараў.

Шэраг асартыменту (кубкі, візітніцы, магніты) прысвечаны сімвалу крамы – князю Вітаўту, які, дарэчы, даў Берасцю Магдэбургскае права.

Крама папулярная таксама дзякуючы добраму адрасу: Алегу ды Сяргею пашчасціла: краму ўдалося адкрыць на папулярнай пешаходнай вуліцы Савецкай. Прыходзяць да іх не толькі набыць, але і запрапанаваць свой тавар.

«Рамеснікі прыходзяць у краму – паказваюць, што яны робяць, – кажа Чапараў. – Мы нешта бярэм больш, нешта менш».

У будучыні ўладальнікі абяцаюць прадаваць у краме і кнігі. Вядома, па-беларуску.

Марына Вашкевіч