Карыстальнікі беларускага Інтэрнэту больш не будуць ананімнымі


Падаць свой нумар тэлефону – менавіта гэта неўзабаве павінен будзе зрабіць кожны, хто жадае пракаментаваць навіну на беларускім сайце. Аўтарызацыя каментатараў праз нумар тэлефону і магчымасць перадачы персанальных дадзеных спецслужбам – такія новаўвядзенні падрыхтавалі для карыстальнікаў беларускіх сайтаў аўтары паправак да Закону аб медыях. Папраўкі ў закон увойдуць у сілу ўжо ў снежні.

А вось рабіць гэта праз перадачу рэдакцыі сайту нумару свайго тэлефону патрабуе праект пастановы Міністэрства інфармацыі, які неўзабаве зацвердзяць. Ліквідацыю ананімнасці ў беларускім сегменце інтэрнэту сілавыя міністэрствы вітаюць. Ігар Шуневіч, Міністар унутраных справаў:

«Давайце прызнаемся: інтэрнэт цяпер – гэта зона абсалютна безадказных паводзінаў, выказванняў, меркаванняў, абразаў, распаўсюджвання паклёпу […]. Лічу мэтазгодным, правільным і своечасовым развязанне пытання аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу. Гэта значыць, усёдазволенасці […] будзе пастаўлены бар’ер».

Звычайныя ж грамадзяне ставяцца да перспектывы пакідаць свае звесткі з меншым энтузіязмам. Жыхары Менску:

«Адмоўлюся ад каментароў. Таму што мой нумар тэлефону – гэта мая прыватная справа, і я не хачу, каб яшчэ нехта яго ведаў».

«Можна каментаваць. Галоўнае – лішняга не нагаварыць».

«Буду менш каментаваць, а тое мала што здарыцца, усё бывае ў нашай краіне».

«Мы жывем у Беларусі, і кожны крок наш кантралюецца».

Не ў захапленні ад новаўвядзення і рэдакцыі СМІ, якія павінныя будуць захоўваць звесткі карыстальнікаў і «пры неабходнасці» перадаваць іх сілавікам. Форумы аднаго толькі парталу TUT.BY штодня праглядаюць каля 150 тысячаў чалавек. Неўзабаве гэтая лічба зменшыцца – прагназуюць эксперты.

«Рэкламныя сеткі, «Google», «Yandex» – манетызацыя такога кшталту залежыць ад рэкламы, ад наведвальнасці. Зразумела, што прыбыткі ўпадуць» – тлумачыць Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка TUT.BY.MEDIA.

Калі беларусам стане боязна абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі на беларускіх сайтах, яны будуць рабіць гэта на замежных – мяркуюць медыяэксперты. Людміла Чэкіна, генеральная дырэктарка TUT.BY.MEDIA:

«Адбудзецца дастаткова моцнае перамяшчэнне аўдыторыі з беларускіх сайтаў на расейскамоўны сегмент – у сацыяльныя сеткі, перш за ўсё ў «Facebook». Нацыянальны сегмент інтэрнэту значна страціць».

Патрабаванне рэгістравацца на форумах пры дапамозе тэлефоннага нумару – не адзінае абмежаванне свабодаў у інтэрнэце, якое прадугледжваюць папраўкі ў Закон аб СМІ:

патрабаванне рэгістрацыі інтэрнэт-медыяў

магчымасць блакавання сацсетак

ідэнтыфікацыя карыстальнікаў форумаў

перадача персанальных звестак спецслужбам

Яны не толькі нанясуць фінансавую шкоду беларускім сайтам і прывядуць да адплыву беларускай аўдыторыі ў Рунэт. Яны пашкодзяць іміджу Беларусі як ІТ-краіны. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Інвестары ж адсочваюць сітуацыю. Яны бачаць, што ўводзіцца драконаўская сістэма, якой няма ў ніводнай еўрапейскай краіне. Дык як ісці сюды і ўкладаць грошы ў нейкія высокія тэхналогіі?»

На думку эксперта, перамога над інтэрнэт-аўдыторыяй можа выявіцца піравай. Хвалі крытыкі яна не заглушыць, але нанясе краіне рэальныя фінансавыя страты. Нават замежнікі будуць ведаць, што галоўнымі спецыялістамі ад інтэрнэту ў Беларусі выступаюць не айтышнікі, а людзі ў пагонах.

Аляксандр Папко, belsat.eu