«Карысны як гарматная змазка». Акадэмія навук прапануе забараніць пальмавы алей


Захацелася салодзенькага – набыў пірожнае. Смаката! Але хто глядзіць на склад такіх смачных прадуктаў? А там, між іншым, у абсалютнай большасці выпадкаў будзе пальмавы алей. Які, як кажуць навукоўцы, далёка не карысны для чалавека.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступіла з ініцыятываю забараніць выкарыстанне пальмавага алею ў прадуктах дзіцячага харчавання на тэрыторыі краінаў Мытнага саюзу. Паводле навукоўцаў, гэты від алею перашкаджае засвойванню дзіцём карысных рэчываў кшталту кальцыю, што адмоўна ўплывае на ягонае развіццё.

«Для чалавечага арганізму пальмавы алей падыходзіць не больш, чымся гарматная змазка… У чалавечага арганізму не існуе адпаведных ферментаў і магчымасцяў, каб гэты пальмавы алей ператвараць у нешта, што пакрывае патрэбы арганізму», – кажа Аляксандр Сыкала, кандыдат медычных навук.

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што беларусам увогуле не характэрнае ўжыванне ў ежу тэрмічна апрацаванага расліннага алею: праз усю гісторыю нашыя продкі выкарыстоўвалі для прыгатавання жывёльны тлушч. Таму прадукты з пальмавым алеем найбольш шкодныя беларусам любога веку.

«Любы раслінны алей – халоднага адціскання, нерафінаваны, які не награваецца і з’ядаецца ў якасці лячэння, – так, карысны. Пальмавы ў тым ліку. Але ў нас у харчах ён тэрмічна апрацаваны. Невядомага паходжання, якасці. Таму ў любым выпадку пальмавы алей на тэрыторыі Беларусі ў прадуктах зʼяўляецца канцэрагенам», – тлумачыць фуд-коўч Ксенія Вяцкая.

А ці самыя беларусы звяртаюць увагу на пальмавы алей у прадуктах, якія спажываюць штодня?

«Ён не выводзіцца з арганізму, але я не звяртаю на гэта ўвагі».

«Нічога страшнага няма ў гэтым пальмавым алеі. Я не гляджу на этыкеткі».

«Калі ёсць пальмавы алей – не. То бок апошнім часам я ўвогуле мучнога не ем пакупнога».

«Я пальмавага алею стараюся не ўжываць».

«Шкодна! Ён не засвойваецца арганізмам абсалютна. І гэта ўсё-такі сурагат вар’яцкі!»

Вынікі даследавання, праведзенага сёлета Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, паказалі: людзі, якія ўжываюць пальмавы алей, – пад большаю пагрозаю развіцця сэрцава-судзінных хваробаў, цукровага дыябету, атлусцення.

«Разбураючы біяхімічныя рэакцыі, накіраваныя на перапрацоўкі харчовых тлушчаў – расліннага, жывёльнага паходжання, – ён скарачае працягласць чалавечага жыцця, і другое – ён выклікае абвастрэнне любых захворванняў, звязаных з метабалізмам, абменам рэчываў у арганізме», – дадае кандыдат медычных навук Аляксандр Сыкала.

Аднак фактар рынку пакуль пераважвае ўсе гэтыя мінусы. Пальмавы алей шырока выкарыстоўваюць у харчовай прамысловасці ў першую чаргу праз нізкі кошт, які дазваляе зрабіць шмат якія кандытарскія прадукты значна танней, чымся пры ўжыванні іншага расліннага алею ці масла. Розніца ў кошце некаторых прадуктаў можа дасягаць ажно чатырохсот адсоткаў!

«Вы зараз можаце падысці да любога беларускага пячэння, прачытаць склад і ўбачыць там проста «раслінны алей». Які ён там будзе – пальмавы, сланечнікавы ці рапсавы, – мы ўжо ведаць не можам. І не можам ведаць тую колькасць, якая там выкарыстаная», – распавядае Ксенія Вяцкая, фуд-коўч.

Гэта значна ўскладняе ідэнтыфікацыю патэнцыйна шкодных прадуктаў для айчынных спажыўцоў. А тут яшчэ і тэхнічны рэгламент ЕАЭС, які з першага студзеня сёлета абмяжоўвае выкарыстанне масла ў маргарыне ды спрэдзе да 2-ух адсоткаў, і вытворцы ахвотна замяняюць яго пальмавым алеем. То бок ён будзе змяшчацца практычна ў любых прамысловых кандытарскіх вырабах.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Caters News / FORUM