Карупцыя выціскае з медыцыны сумленных лекараў


Урад звольніў намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага пасля пяці гадоў працы на гэтай пасадзе. Змаганне з карупцыяй сярод медыкаў працягваецца.

Паводле КДБ, у справе злоўжыванняў чыноўнікаў з галіны аховы здароўя ёсць ажно 60 фігурантаў, 37 з якіх затрыманыя.

У інтэрв’ю радыё «Свабода» адзін з былых высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя на ўмовах ананімнасці акрэслівае сістэму закупак у дзяржаўнай медыцыне як «непразрыстую і незразумелую». Ён згадвае, як рабіліся справы ў час ягонай працы там.

«Бухгалтэрыя Міністэрства аховы здароўя заплаціла грошы за адзін прэпарат, які быў вельмі важны для развіцця неданошаных дзетак. А смяротнасць немаўлят – гэта палітычны паказнік. Мне кажуць, што вельмі доўга грошы не паступаюць. Ёсць у Міністэрстве аховы здароўя Кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне, і я папрасіў правесці праверку. Аказалася, што гэтыя грошы былі патрачаныя на мікстуру ад кашлю імпартнай вытворчасці», – кажа былы пасадовец.

У шэрагу выпадкаў тэндары на закупы выйгравала толькі адна фірма, дадае чыноўнік.

КДБ сцвярджае, што хабары і адкаты ў Мінздароўя дасягалі $ 350 тысячаў за раз. І гэта ў той час, калі мноству раённых шпіталяў бракуе нармальнага абсталявання, пацыенты ездзяць па таннейшыя лекі за мяжу, а працаўнікі сферы аховы здароўя ў сярэднім, паводле Белстату, атрымліваюць Br 730 на месяц.

Пераменаў патрабуе ж і сама сістэма кантролю закупаў, каментуюць асобы, якія ведаюць, як функцыянуе бізнес на дзяржаўную замову.

«Гэтак званыя закупы, тэндары, фактычна застаюцца толькі на паперы. Чыноўнікі, якія надзеленыя правам праводзіць гэтыя тэндары, яны ёсць тымі людзьмі, што садзейнічаюць развіццю карупцыі», – кажа праваабаронца і былы бізнесовец Андрэй Бандарэнка.

Ад якой пакутуюць не толькі грамадзяне, што не атрымаюць належнай медычнай дапамогі, але і дзяржава.

«У краіну працякае або шэры капітал, або людзі, нячыстыя на руку. А самае галоўнае – гэта адток людзей, што гатовыя працаваць паводле правілаў, але не ў стане рабіць гэтага ў краіне, дзе развітая карупцыя», – дадае Андрэй Бандарэнка.

Але ёсць у гэтым змаганні з карупцыяй і іншы бок. Пацыенты сведчаць, з таго часу, як быў затрыманы дырэктар Менскага абласнога шпіталю Андрэй Каралько, ва ўстанове пануе нервовая атмасфера.

Калегі не вераць у вінаватасць былога кіраўніка, а праз кадравую неразбярыху з пацыентамі вымушаныя працаваць маладыя практыканты, што таксама ўплывае на якасць лекавання.

Вітаўт Сіўчык