Аб'ектыў 01.06.2018 Карупцыя ў Мінэнерга. Найслабейшае звяно – закупы і кантроль за імі


Пасля праверкі ў Міністэрстве энергетыкі Генеральная пракуратура паінфармавала ўрад аб неабходнасці пакараць вінаватых. Паводле праваахоўнікаў, найслабейшае звяно ў айчыннай сістэме энергетыкі – закупы і кантроль за імі.

Пры закупе паслуг у абслугоўванні энергетычнай інфраструктуры тэндарныя камісіі Мінэнерга часта выбіраюць не самага кваліфікаванага і таннага падрадчыка, а, наадварот, самага дарагога. Падрадчык, у сваю чаргу, дзеліцца атрыманымі такім чынам звышпрыбыткамі персанальна з тымі чыноўнікамі, якія зманіпулявалі тэндар на ягоную карысць.

За няпоўныя 2,5 гады за хабар і раскраданне дзяржаўных сродкаў на функцыянераў энергетыкі было заведзена 30 крымінальных справаў, гаворыцца ў прэсавым рэлізе Мінэнерга. Тым не менш, як выявіла апошняя пракурорская праверка, карупцыйныя злачынствы там працягваюцца.

«У галіне энергетыкі вельмі шмат пастаўляецца розных дэталяў, запчастак, турбінаў. І праз тое, што гэта не прыватная ўласнасць, а дзяржаўная, нікому не належыць, то тэндары, вядома, даюцца сваім», – кажа дэпутат парламенту у 2000–2004-м Сяргей Скрабец.

Паралельна з праваахоўнымі органамі, уласнае расследаванне карупцыі ў энергетыцы апошні год вёў і наш тэлеканал. У праграме «Белсату» «Давайце разбірацца» на падставе дакументаў і сведчанняў высокапастаўленых інсайдараў мы паказалі, што праваахоўнікі караюць за асобныя выпадкі хабарніцтва, але не чапаюць карупцыйных схемаў на дзясяткі мільёнаў долараў, якія дзейнічаюць у айчыннай энергетыцы адкрыта.

«Рыба гніе з галавы. Спярша гэтая карупцыя мусіць спыніцца ў самым верхнім эшалоне ўлады. Адтуль ідуць метастазы па ўсім грамадстве», – дадае Скрабец.

Шэраг работ на абслугоўванне айчыннай энергетычнай інфраструктуры «Белэнерга» аддало на водкуп некалькім прыватным фірмам, якія, не з’яўляючыся дзяржаўнымі, уваходзяць у дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Белэнерга» і ў сувязі з гэтым атрымліваюць работы без тэндараў або ў выніку зманіпуляваных конкурсаў, выконваюць іх за кошт, што ў разы перавышае рынкавы, прычым нярэдка выконваюць з такімі парушэннямі тэхнікі, якія спрычыняюць маштабную шкоду бюджэту ды навакольнаму асяроддзю. Як барацьбу ўладаў з карупцыяй ацэньваюць беларусы, мы спыталіся жыхароў Менску

Вынікам дзейнасці гэтых прыватных манаполіяў ёсць павышэнне сабекошту энергетыкі і як вынік – даражэйшыя жыроўкі для грамадзянаў. Нягледзячы на апошнюю пракурорскую праверку, згаданыя некалькі прыватнікаў працягваюць трымаць манаполію ў «Белэнерга», напрыклад, на ачыстку катлоў, рэзервуараў ды турбінаў.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары