Карту паляка стане складана атрымаць. Разбіраемся, што і як


Пачалося з вывучэння польскай мовы – для працы. Пасля, ужо для сябе, сям’я Разумовічаў паглыбілася ў традыцыі ды культуру суседняй краіны. Праз падарожжы – закахалася ў яе. Даведаўшыся пра магчымасць атрымаць карту паляка, Сяргей і Наста наважыліся.

Давёўшы роднасную сувязь, тэарэтычна, без праблемаў можна было б атрымаць карту паляка – дакумент, які дае ўладальніку шэраг правоў неграмадзянскага характару. Напрыклад, бясплатнае атрыманне шматразовай нацыянальнай візы, магчымасць працаваць на тэрыторыі Польшчы без спецыяльнага дазволу, спрашчэнне працэдуры атрымання грамадзянства.

Аднак, выглядае, гэтым планам не наканавана спраўдзіцца

Варшава разглядае папраўкі ў Закон аб рэпатрыяцыі, аб карце паляка і замежніках. Дакумент можа істотна звузіць магчымасць заяўнікаў. У дзейным законе пазначана, што карту можа атрымаць асоба, якая «Дакажа наяўнасць польскай нацыянальнасці ці польскага грамадзянства, або што прынамсі адзін з бацькоў, дзядоў ці двух прадзедаў быў польскай нацыянальнасці ці меў польскае грамадзянства…». Але цяпер папраўкі прадугледжваюць ліквідацыю фармулёўкі аб грамадзянстве.

«Трэба рэальна разумець, што даведак, дзе адлюстраваная нацыянальнасць, не так шмат. Гэта дакументы, якія можна шукаць гадамі. І я ведаю шмат семʼяў, дзе сапраўды былі нейкія польскія традыцыі, яны былі каталікамі, яны шукалі і не знайшлі гэтых дакументаў», – кажа гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Польскі Сейм адзінадушна ўхваліў праект зменаў

Пасля новаўвядзенні разгледзелі прэзідэнт і маршалак Сенату. Сенат унёс свае праўкі ды перадаў дакумент на далейшы разгляд.

У Беларусі ў адказ сабралі і адправілі ў Варшаву каля 400 подпісаў з просьбаю пакінуць магчымасць атрымліваць карту паляка нашчадкам жыхароў з тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.

«У другой Рэчы Паспалітай жыло шмат нацыянальнасцяў, праўда? Тое, што беларусы збіраюць подпісы, – вядома, гэта дзіўная сітуацыя. Таму што карта паляка – гэта пацверджанне прыналежнасці да народу польскага і датычыць паходжання, а не грамадзянства», – звяртае ўвагу Анджэліка Борыс, кіраўніца саюзу палякаў у Беларусі.

Усяго беларусы атрымалі каля 100 000 картаў паляка

Гэта прыкладна палова ад агульнай колькасці выдадзеных у свеце такіх дакументаў. Паводле інфармацыі на старонцы амбасады Польшчы ў Менску, толькі за чатыры дні ў верасні прадстаўніцтва атрымала каля 3000 электронных запытаў.

Выдаваць карты паляка Польшча пачала ў 2008-ым годзе. Праз некалькі гадоў Канстытуцыйны Суд Беларусі заявіў, што гэта супярэчыць нормам міжнароднага права. Незадаволенасць выказалі і шэраг іншых дзяржаваў, напрыклад, Літва і Расея.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: slowopolskie.org