Карціны з калекцыі «Белгазпрамбанку» вынятыя. На выставе іх замянілі QR-кодамі


QR-коды ў імправізаваных рамах замест амаль 150 карцінаў выбітных беларускіх мастакоў на белым фоне выставачнай залы. У такім нязвыклым фармаце ад сёння дэманструецца карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанку» у галерэі «Арт-Беларусь». Уваход на выставу вольны.

«У першую чаргу праект пачаўся з вяртання ў Беларусь твораў мастакоў Ecole de Paris – Парыжскай мастацкай школы. На мой погляд, гэта быў вельмі дзіўны стан, што амаль 30 гадоў незалежнасці прайшло, а ў нас на той час не было ніводнага алейнага палатна Марка Шагала», – кажа кандыдат мастацтвазнаўства і куратар карпаратыўнай выставы «Белгазпрамбанку» Аляксандр Зіменка.

Каб бліжэй пазнаёміцца з мастакамі, трэба сасканаваць QR-код на сваю мабільную прыладу, на якой зʼявіцца біяграфічная інфармацыя пра аўтара і яго карціны. Таксама творы можна пабачыць у праекцыі на адну са сценаў залы.

У калекцыю ўвайшлі творы мастакоў, палотны якіх – рэдкасць на мастацкім рынку. Напрыклад, партрэт «Ева» Хаіма Суціна, якога ў свой час праследавала гестапа, а палотны ягоныя знішчаліся.

«Яго мэта была паказаць характар. «Ева» – гэта характар, гэта нестандартнае ўяўленне аб прыгажосці. Гэтым ён звяртаў увагу на ўнутраныя каштоўнасці задоўга да ХХ стагоддзя, задоўга да таго, як мы намагаемся ў каторы раз звярнуць увагу, што знешнасць – не адзіная рыса ў апісанні чалавека», – распавядае Аляксандр Зіменка.

Калекцыя, што амаль тры гады выстаўлялася ў Менску і падарожнічала па свеце, цяпер вынятая следчымі органамі ў рамках расследавання справы «Белгазпрамбанку», распачатай 11 чэрвеня. Кошт твораў ацэньваецца прыкладна на 20 мільёнаў долараў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»