Каронавірусных выпішуць праз тры тыдні


Міністэрства аховы здароўя пракаментавала загад свайго кіраўніка Уладзіміра Караніка аб новых метадах лячэння і дыягностыкі каронавіруса. Цяпер большасці пацыентаў будуць рабіць тэсты толькі праз 2 тыдні пасля інфікавання, а на трэці тыдзень – выпісваць. Раней Уладзімір Каранік загадаў хворым COVID-19 або пнеўманіяй без ускладненняў – лячыцца дома.

У Беларусі 44 225 інфікаваных кітайскім каронавірусам. Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, за апошні дзень дадаліся 852 інфікаваныя, удвая менш выздаравелі. Пры гэтым яшчэ трое памерлых мелі афіцыйна пацверджаны COVID-19, таму агулам у Беларусі памерлі 243 чалавекі з каронавірусам. Мінздароўя кажа, што ўсе ахвяры мелі хранічныя захворванні. На практыцы 7 з 10 апытаных «Белсатам» жыхароў Віцебску або хварэлі на COVID-19 ці пнеўманію самі або маюць такіх знаёмых. Вось што нам распавялі віцябляне:

«Сам асабіста… Вельмі цяжка (хварэў), два месяцы ў шпіталі. Кропельніцы, штодзённае лячэнне і спакой. Паціху выкараскаўся. Антыбіётыкі забралі ўсё здароўе».

«Амаль што бессімптомна. Быў невялікі боль у грудзях, але ніякіх сур’ёзных наступстваў не было».

«Тэмпература была невялікая, потым зрабілі здымак – двухбаковая (пнеўманія)».

«Дачка хварэла… у лёгкай форме. Дома».

«Знаёмыя знаёмых. Выздаравелі. Бабулі 92 гады – перамагла».

«Ёсць такія, каторыя памерлі. Сусед, якога добра ведалі. У маёй сястры ў падругі муж памёр, і маёй знаёмай добрай з БТІ муж памёр. Шмат».

У афіцыйнай статыстыцы ёсць шмат супярэчнасцяў, кажа навуковец Андрэй Шуман, які працуе ў галіне матэматычных і лагічных мадэляў у біялагічных сістэмах. Штодзённыя лічбы інфікавання вельмі мала адрозніваюцца – выключэннем стаў скачок, калі ў Беларусі была місія Сусветнай арганізацыі здароўя. У Беларусі лічбы вагаюцца на 5 % за дзень, а па ўсім свеце – ад 30 % да 300 % адсоткаў. Дзіўная і статыстыка смяротнасці.

«Мусіць быць штодзённая карэляцыя між выпадкамі штодзённых смерцяў і актыўнымі выпадкамі. Карэляцыя мусіць быць блізка да адзінкі, а ў выпадку Беларусі яна блізка нуля», – кажа Андрэй Шуман.

Іншымі словамі, па ўсім свеце чым больш людзей хварэе, тым больш памірае. А ў нас – не. Магчыма, Мінздароўя мае завышаныя патрабаванні да вызначэння прычынаў смерці, каб пазначыць яе як смерць ад каронавіруса, мяркуе эксперт. Пры гэтым і чыноўнікі, і дзяржаўная прэса заніжаюць маштаб эпідэміі.

«Вельмі моцна змяншаецца маштаб, нібы нічога страшнага не адбылося. Але, калі паглядзець статыстыку, у нас ужо на мільён чалавек захварэлых больш, чым у Італіі», – здзіўляецца адмысловец.

Затое ёсць «ініцыятыва на месцах». Абавязковы масачны рэжым увялі ў Кіраўску Магілёўскай вобласці. Райвыканкам абавязаў насіць маскі і экраны ўсіх, хто абслугоўвае людзей, забараніў масавыя мерапрыемствы ды абмежаваў колькасць кліентаў у крамах, банках і аптэках – па адным чалавеку на 10 квадратных метраў. Тым часам міністр аховы здароўя загадаў лячыць і дыягнаставаць каронавірус па-новаму.

У апублікаваным загадзе Уладзімір Каранік падкрэслівае, што хвароба праходзіць з вянознымі ўскладненнямі, акрэслівае новыя нарматывы ўжывання лекаў ды загадвае лічыць каронавірус нежыццяздольным на 12-ты дзень пасля зʼяўлення клінічных сімптомаў.

«Галоўнымі экспертамі дзяржавы было прынятае рашэнне, што не варта падвяргаць пацыентаў лішні раз не зусім прыемнай працэдуры ўзяцця мазка (які не мае клінічнага значэння). Такім чынам, пацыентам з лёгкай і бессімптомнай формай COVID-19 тэставанне праводзіцца на 14 дзень і (пры адмоўным выніку) пацыент будзе выпісаны», – кажуць у прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Пры станоўчым выніку тэстаў пацыента выпішуць на 21 дзень.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»