Каронавірус як вайна: алімпіяда пад пагрозай зрыву


За ўсю гісторыю Алімпіяды гульні адмяняліся толькі падчас сусветных войнаў. Сёлета правядзенне спаборніцтваў у Японіі ў ліпені пад пытаннем праз вайну з новым каронавірусам «Covid-19». Чалец міжнароднага алімпійскага камітэту Дык Паўнд заявіў, што арганізатары алімпіяды ў Токіа маюць тры месяцы, каб вызначыцца наконт небяспечнасці гульняў. Галоўны арганізатар цвердзіць: гульні адбудуцца.

«Мы не плануем адмяняць эстафету агню. Мы разглядаем магчымасць скараціць маштабы, каб папярэдзіць распаўсюд віруса і захаваць імпрэзу», – кажа генеральны дырэктар «TOKYO-2020» Тосіро Муто.

УЕФА праз новую эпідэмію таксама думае пра перанос або адмену ЕЎРА-2020. Частка футбольных гульняў турніру мела адбыцца ў Рыме. На сённяшні дзень у Італіі зарэгістравалі 12 смерцяў праз каронавірус, а колькасць інфікаваных набліжаецца да чатырохсот. У краіне абвесцілі надзвычайны стан, а 12 гарадоў у рэгіёнах Ламбардыя і Вэнэта закрылі на каранцін. Грамадзянаў заклікаюць захоўваць спакой.

«Адзіная парада, якую я магу даць як лекар: людзям з групы рызыкі, сталым, з анкалагічнымі захворваннямі або імуннымі паталогіямі пазбягаць выхаду на вуліцу. Іншыя ж проста маюць выконваць рэкамендацыі ўраду. Не спяшайцеся набываць тавары ў супермаркетах або маскі за 100 еўраў», – раіць італьянцам доктарка з Мілану Элізабэта Якона.

У Парыжы ад каронавірусу памёр першы француз, на Канарскіх выспах закрылі буйны гатэль для тэставання на інфекцыю. Новыя выпадкі захворвання выявілі і ў мацерыковай Іспаніі ды Германіі.

«Я не ведаю, можа, гэта проста шуміха, але цяпер я думаю, што б мы ні рабілі – вірус дабярэцца да нас і нам давядзецца з гэтым жыць», – лічыць жыхарка Дусэльдорфу Андрэа Шлюнэ.

Нацыянальны інстытут алергіі ды інфекцыйных захворванняў ЗША спадзяецца пры канцы красавіка пачаць тэставанне вакцыны супраць віруса «Ковід-19» на добраахвотніках. Папярэднія вынікі могуць зʼявіцца ўжо ў другой палове лета.

«Падчас выпрабаванняў другой фазы будзе весціся пра сотні, калі не тысячы добраахвотнікаў. Гэтыя тэсты маюць адбыцца ў раёнах актыўнага распаўсюду вірусу. Нават пры рэактыўнай хуткасці гэта зойме яшчэ 6–8 месяцаў. Таму казаць пра дасяжнасць вакцыны можна будзе праз год-паўтара», – разлічвае кіраўнік інстытуту інфекцыйных хваробаў ЗША Энтані Фаўчы.

Міністэрствы здароўя розных краінаў падкрэсліваюць, што распаўсюд інфекцыі – толькі пытанне часу. Беларускае медычнае ведамства, як і Міністэрства замежных справаў, лічыць немэтазгодным адмяняць авіярэйсы ў Кітай.

Дзяніс Шпігаў, Ірына Дарафейчук, «Белсат»