Каронавірус, выбары, парад


Без ахоўных шчыткоў і з нястачай абарончых медычных касцюмаў. Так Ліда сустрэла эпідэмію каронавіруса. Давялося звяртацца па дапамогу да валанцёраў – кажа фельчар станцыі хуткай дапамогі Павел Палейчык:

«У нас больніца запоўненая, радзільня, некаторыя пацыенты застаюцца дома з пацверджаным каронавірусам. Нарастае. Чым далей, тым горш. Калі не прымаць мераў абароны, прафілактыкі, далей будзе горш».

Не мінае каронавірус і медыкаў. Прынамсі пра аднаго доктара з пацверджаным «Ковідам», які застаецца ў самаізаляцыі, Павел дакладна ведае. І зазначае: падпісак пра нераспаўсюд інфармацыі медыкі не давалі.

Жыхары Ліды кажуць:

«Кожны павінен клапаціцца пра сябе і дактароў, якія будуць перагружаны, калі мы не будзем выконваць усе рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя і нашага Міністэрства аховы здароўя».

«На працы пальчаткі прымушаюць надзяваць, маскі, даюць антысептыкі. Доўга сядзець у масцы цяжка, немагчыма. Але ў нас прынамсі за шклом на пошце».

«Я працую на будоўлі, у нас усе без масак. Прывозяць антысептык рукі апрацоўваць, а так – дыстанцыі ніякай».

Стрымаць распаўсюд COVID-19 без сацыяльнага дыстанцыянавання немагчыма – чарговы раз нагадала Менску Сусветная арганізацыя здароўя.

«Без адэкватных захадаў фізічнага дыстанцыявання хуткі прырост новых выпадкаў хваробы можа перавысіць магчымасці сістэмы аховы здароўя для аказання неабходнай медычнай дапамогі», – зазначыў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Што ж датычыць масавых мерапрыемстваў на 9 траўня, паводле адмыслоўцаў гэта рызыка перадачы віруса і распаўсюду эпідэміі. А таму Сусветная арганізацыя здароўя падзякавала краінам, якія адмянілі або перанеслі парады.

«Наперадзе ў нас вельмі важны дзень – Дзень Перамогі, 9 Траўня. І хачу адзначыць тыя ўрады, якія прынялі адважнае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе людзей на першае месца», – заявіў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ганс Клюге.

Беларусі гэта не датычыць. Нашая краіна свята перамогі будзе адзначаць гучна. Нягледзячы ні на што! Сёння адбылася рэпетыцыя ўрачыстасці. А напярэдадні ўвечары пробны парад адмянілі – ужо трэці раз. Супрацоўнікі ДАІ традыцыйна перакрылі праспект Машэрава, але вайскоўцы не з’явіліся.Ці варта ўвогуле падчас эпідэміі праводзіць парад на 9 траўня і ці пойдуць на яго беларусы? Жыхары Менску:

«Правядзенне параду – я не згодны з гэтым, таму што вірус усё ж такі губіць людзей».

«Парад патрэбны для нашай краіны, для памяці пра тых людзей, якія паклалі сваё жыццё – парад патрэбны».

«Мы ўжо больш за два месяцы на самаізаляцыі, выходзім вечарам. Сёння выйшлі – рэпетыцыя параду. Думалі, пакуль нікога няма, паглядзім. Зразумела, на парад мы не пойдзем».

«Калі б мяне пагналі, я б не пайшоў, але я і так не іду».

Колькасць інфікаваных каронавірусам у нашай краіне за апошні дзень ізноў павялічылася на 9 сотняў і склала больш за 20 тысячаў. Памерлі чацвёра. Агулам паводле афіцыйнай статыстыкі ахвярамі эпідэміі сталі 116 чалавек. Не зважаючы на каронавірус, заўтра на пазачарговае паседжанне збяруцца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Каб прызначыць дату прэзідэнцкіх выбараў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»