Каронавірус у палацы Лукашэнкі


Скандал у атачэнні Лукашэнкі. З чарговага зліву размоваў ягоных прэс-сакратара ды ахоўніка вынікае, што ў адміністрацыі прэзідэнта, цытую, «невядома што, па месяцы людзі хварэюць». А хворыя на «Ковід-19», якія ходзяць на працу, маску ў прысутнасці Лукашэнкі надзяваць баяцца. Да таго ж, падобна, што хвалёная расейская вакцына ад каронавіруса не ратуе. Як, дарэчы, і хакей. Ці не таму традыцыйны Калядны турнір адмянілі?

Хакею не будзе. Міжнародны турнір на прыз Аляксандра Лукашэнкі адмянілі – з прычыны неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі. Хаця менавіта гэты спорт сам Лукашэнка называў найлепшым сродкам ад каронавіруса. Разам з трактарам, саўнай і козачкамі.

«Гарэлкай трэба не толькі не толькі рукі мыць, але і 40-50 грамамі спірту травіць гэты вірус», – нібыта жартаваў Лукашэнка яшчэ 16 сакавіка.

Не дапамагаюць і спіртовыя напоі – шмат хворых можа быць і ў адміністрацыі Лукашэнкі. Пра гэта сведчыць тэлефонная размова ад 22-га лістапада, апублікаваная тэлеграм-каналам «Нехта». Жанчына з голасам прэс-сакратара Наталлі Эйсмант просіць мужчыну з голасам Мікалая Латышонка перадаць шэфу, што яна не прыйдзе на працу, бо кепска сябе адчувае. А расейская вакцына не спрацавала.

«На нарадзе ў аўторак па замежнай палітыцы Ігар Пятровіч быў, яму ж шэф сказаў прыйсці. Ён жа сказаў, каб я сядзела побач, бо я прышчэпленая (ад каронавіруса), хай Эйсмант побач сядзіць… А ён яшчэ, блін, такі быў… А ён мяне пытае: як вы думаеце, як сыйдзе прэса, можа, мне маску апрануць? А я пасмяялася, паспрабуйце, паглядзіце на рэакцыю», – кажа жанчына з голасам Эйсмант на аўдыё.

З апублікаванага аўдыё вынікае: удзельнікам нарады было вядома, што кіраўнік адміністрацыі Ігар Сяргеенка хворы, але ён так і не надзеў маску. Праз некалькі дзён Сяргеенку стала зусім кепска, і апаратчык Лукашэнкі лёг пад апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«Дык блін! Я думаю, як можна быць акуратней, калі я за той мінулы тыдзень тысячу разоў стасавалася з фактычна хворымі, як з Ігарам Пятровічам. – Дык у нас цяпер амаль усе такія. – Дык блін, вы ж ведаеце, што ў яго там зусім капец, чалавек пад апаратам», – скардзіцца жанчына з голасам Эйсмант.

Ці можна публікаваць такія перахопленыя прыватныя размовы, хай і чыноўнікаў з атачэння Лукашэнкі?

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Прыватны тэт-а-тэт мусіць быць. А па тэлефоне ў нашай дзяржаве атрымліваецца не прыватны».

«Правакацыя. Найлепшая ў свеце вакцына – расейская».

«Лукашэнка – разумнейшы чалавек гэтай эпохі. Ён гаспадар сваёй краіны».

«Канешне, трэба публікаваць, і я лічу, што раз Лукашэнка перахварэў каронавірусам, ён ведае, што гэта такое і як гэта жудасна».

Раней тэлеграм-канал «Нехта» публікаваў перахопленую размову нібыта паміж спартовымі функцыянерамі Дзмітрыем Шакутам і Дзмітрыем Баскавым, якіх апазналі сярод нападнікаў на менчука Рамана Бандарэнку, які пасля выкрадання трапіў у міліцыю і памёр ад траўмы галавы. Таксама быў і перахоп размовы Эйсмант і Баскава, як яны арганізоўвалі зрыванне пратэставае сімволікі ў дварах, падчас якога загінуў Раман Бандарэнка.

Лукашэнка абяцаў цікава зняпраўдзіць гэтыя перахопы, але так гэтага і не зрабіў, падкрэслівае вайскова-палітычны аглядальнік Ягор Лебядок. Таму высокая верагоднасць, што і гэта не падробка, асабліва калі чыноўніца не карысталася абароненай сувяззю.

«Гледзячы на Эйсмант, аматарку смайлікаў – лічыцца, што яна вядзе ТГ-канал «Пул Первого», можна палічыць, што яна спампоўвае нейкія гульні, візуалізацыю, прыкладанні пакупак, пад якімі могуць быць нейкія чарвякі», – тлумачыць Лебядок.

Да перахопу тэлефанавання ў залежнасці ад узроўню абароненасці тэлефона таксама могуць быць датычныя спецслужбы – беларускія, расейскія ці іншыя, і прыватныя кампаніі ў той жа Расеі, кажа эксперт:

«Гэта было пасля таго, як было вядома, што першую размову, зліў ужо зрабілі. Я б сказаў, што ў кіравання ўрадавай сувяззю мусяць быць вялізныя пытанні да Эйсмант і таварышчаў».

Рэдакцыя «Нехта» часта атрымлівае інфармацыю ад інсайдараў з вертыкалі ўлады, кажа стваральнік тэлеграм-каналу. У гэтым выпадку крыніца пажадала застацца ананімнай.

«Чалавек, які даслаў гэтыя аўдыё, пагадзіўся выслаць яшчэ, але сказаў, што вельмі моцна рызыкуе, і таму папрасіў пэўную суму за гэта. Мы гэтую суму збіраем разам з нашымі людзьмі», – кажа Сцяпан Пуціла, стваральнік тэлеграм-каналу.

Сцяпан Пуціла анансуе, што запыт грамадства на гэтую тэму вялізарны, таму хутка будуць вельмі цікавыя размовы набліжаных да цела Лукашэнкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»