Больш за сто выпадкаў пнеўманіі штодня – берасцейская санстанцыя прызнала, што сітуацыя з распаўсюдам COVID-19 у горадзе напружаная. А мясцовыя ўлады заклікаюць абмежаваць кантакты, не выязджаць з гораду і мінімізаваць перамяшчэнні.
«Шмат што замоўчвае дзяржава, таму ўсё прывяло да гэтага».
«Што я думаю? Замоўчваюць вынікі».
«Ідуць па шляху «лепш мы схаваемся і будзем думаць, што нічога не адбываецца».
«Кепска тое, што няма дакладнай інфармацыі», – каментуюць сітуацыю берасцейцы.
У самім жа Берасці мала што нагадвае аб праблеме – шмат людзей ходзіць без масак і збіраецца вялікімі кампаніямі. У горадзе працуюць рэстараны, кавярні, лазня і басейны, некалькі тысяч чалавек прыходзіць на футбольныя матчы.
«Мяне гэта неяк не турбуе, я не перажываю за сваё здароўе, упэўнены, што будзе ўсё нармальна».
«Я бачу, што многія ходзяць без масак, напэўна, не баяцца».
«Мы ўжо ў тым узросце, калі баяцца асабліва няма чаго», – кажуць жыхары Берасця.
Колькі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ў абласным цэнтры зафіксавана цяпер – гарадскія ўлады не паведамляюць. Берасцейцы ж усё часцей сутыкаюцца з выпадкамі хваробы.
«Я проста езджу ў камандзіроўкі ад працы, і кожны раз перад тым, як кудысьці паехаць, у нас бяруць тэсты на COVID. Там, дзе я быў… У Астраўцы я быў дагэтуль і хутчэй за ўсё там падхапіў гэтую хваробу. У мяне калегі таксама пахварэлі – тры чалавекі нас усяго, тых, каго я ведаю. А пару дзён таму прыязджалі, бралі тэст у жонкі – у жонкі таксама выявілі COVID», – распавядае хворы на COVID-19 Мікалай Ланец.
Самастойна ж дамагчыся тэсту на каронавірус значна складаней, нават пры наяўнасці кашлю, тэмпературы і сімптомаў запалення лёгкіх.
«Адзін адпраўляў да другога, не было адказных, не было людзей ці ўстановы, якая пагадзілася б прыняць рашэнне і зрабіць гэтым людзям тэсты», – кажа Яўген, сваяк хворых на запаленне лёгкіх.
Статыстыку заражэння каронавірусам па рэгіёнах Міністэрства аховы здароўя агучвала апошні раз больш як месяц таму. Агулам жа колькасць выпадкаў інфікавання ў Беларусі, паводле афіцыйных звестак, набліжаецца да 46 тысячаў.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»