Каронавірус у Беларусі і ў свеце


Пакуль нашы найбліжэйшыя суседзі паступова аслабляюць каранцінныя захады міжсобку, мяжа з Беларуссю застаецца на замку. Нават афіцыйная статыстыка ад нашага Міністэрства аховы здароўя не дазваляе з палёгкаю выдыхнуць: маўляў, пік эпідэміі каронавірусу мінуў. Працягне тэму Валера Руселік.

Пратэст супраць хлусні і пустых абяцанак. У Бабруйску працаўнікі мясцовай падстанцыі хуткай дапамогі ўчынілі сёння стыхійны бунт. Абурэнне людзей справакавала здымачная група тэлеканалу «Беларусь 1», якая прыехала здымаць сюжэт пра атрыманыя за працу ў часе эпідэміі COVID-19 дадатковыя выплаты. Пры гэтым працаўнікі дзяржаўнага тэлеканалу паразмаўлялі толькі з двума медыкамі, якія адзіныя сапраўды атрымалі надбаўкі, а з астатнімі нават не захацелі размаўляць.

«Перавозка з інфекцыяй альбо дадому іх адвезці – пацверджаная. А вось я брыгаду важу, пнеўманію перавозім, да прыкладу, але ж яна не пацверджаная – усё, нам не плоціцца! Я ўжо і не ведаю, як з імі… Чаму і бунт паднялі…», – тлумачыць адзін з кіроўцаў хуткай дапамогі.

Між тым працы прынамсі найбліжэйшым часам у медыкаў не паменшае. Міністэрства аховы здароўя заявіла пра яшчэ 4 смерці і 918 новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі ў краіне. Агулам, паводле ведамства, на сёння ў Беларусі зарэгістраваныя 32426 станоўчых вынікаў тэсту на COVID-19 і 179 смерцяў. За ўвесь час эпідэміі афіцыйна выздаравелі 11415 пацыентаў. Жыхары Віцебску, аднак, аптымізму не губляюць:

«Гледзячы нашыя беларускія навіны, падобна, што нічога страшнага не адбылося».

«Агулам я падтрымліваю тое, што ў нас няма каранціну. Усё-ткі фінансава нашая краіна не можа сабе гэтага дазволіць».

«Эканоміка вунь церпіць! На рынак прыйдзеш: тавараў няма, усё падаражэла, канешне».

«Нашае кіраўніцтва рэспублікі паводзіць сябе вельмі пісьменна, слушна! І таму думаецца, што мы выйдзем з перамогай!»

А каб тая перамога набліжалася шпарчэй, нашай краіне дапаможа і… Захад. Злучаныя штаты Амерыкі выдзелілі Беларусі 1,7 мільёна долараў на барацьбу з каронавірусам. Паводле Дзярждэпартаменту ЗША, сродкі прызначаныя для фінансавання лабараторыяў, актывізацыі выяўлення выпадкаў COVID-19 ды ўзмацнення эпідэміялагічнага нагляду. А напярэдадні пахвалілі афіцыйны Менск і ў Бруселі. І таксама заявілі пра магчымасць макрафінансавай дапамогі.

«Цяпер у Беларусі з’явіўся ўнікальны шанец. Цікавым чынам, з-за выкліканага COVID-19 крызісу мы бачым узнікненне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненні ЕЗ. Урад працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў… Я думаю, што ў нас цяпер гістарычная магчымасць сапраўды пераламаць сітуацыю і развіць станоўчы імпульс у нашых адносінах», – заявіў еўракамісар па пытаннях суседства і пашырэння Олівер Вархэі.

Штопраўда, уласна з Менску і станоўчы імпульс у беларуска-еўрапейскіх дачыненнях, і макрафінансавая дапамога могуць выглядаць куды менш маштабна, заўважае філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Можна разглядаць зніжэнне коштаў на візы для беларусаў да 35 еўраў як добры крок да збліжэння нашых двух субʼектаў (бо Еўразвяз – гэта не краіна). Таму, напэўна, гэта і маецца на ўвазе».

Паводле Мацкевіча, насамрэч у беларуска-еўрапейскіх стасунках практычна нічога не змянілася – акрамя, бадай, толькі пазіцыі шантажу, якую заняў афіцыйны Менск:

«Беларуская дыпламатыя патрабуе ад еўрапейцаў больш лагодна ставіцца да Беларусі. Бо калі мы пасварымся з Еўропай, сюды прыедзе Расея».

Агулам у свеце на сёння зафіксаваныя ўжо больш за 5 мільёнаў выпадкаў COVID-19. Ад хваробаў, выкліканых новым каронавірусам, прызнаныя смерці каля 325-ці з паловаю тысяч чалавек. Пры гэтым шэраг краінаў распачалі аслабляць уведзены раней каранцін. У тым ліку нашыя суседзі. Гэтак, ад паслязаўтра Украіна адкрывае межы з Еўразвязам і Малдоваю. З Беларуссю ды Расеяй – не.

Валера Руселік, «Белсат»