Каронавірус у Беларусі і свеце: хроніка падзей


У Беларусі інфікаваныя каронавірусам амаль 24 тысячы чалавек. Прырост за содні шосты дзень запар складае дзевяць соцень.

«Па тэлефоне кажуць – хуткая дапамога прыедзе невядома калі. Вось так адказваюць. Гэта як? Нармальна ці не? Вось такая ў нас барацьба з каронавірусам, і з усім астатнім», – кажа жыхар Менску.

Нашая ўсходняя суседка ў колькасці заражэнняў каронавірусам апярэдзіла Італію і Вялікую Брытанію. Такім чынам Расея аказалася на трэцім месцы ў свеце пасля ЗША ды Іспаніі.

Тым часам Украіна паслабляе каранцін. Урад тлумачыць гэта эканамічнай неабходнасцю. Змякчэнне захадаў закране пераважна малы і сярэдні бізнес. Межы застануцца закрытыя. Абмежавальныя захады, уведзеныя праз каронавірус, паслабляюцца і ў Заходняй Еўропе. У шэрагу краінаў з захаваннем мераў бяспекі адчыняюць крамы, рэстаранам дазваляюць абслугоўваць наведнікаў на адкрытым паветры.

«Мы змаглі адкрыцца толькі дзякуючы ўласніку памяшкання, які значна знізіў арэнду, і падтрыманню нашых працаўнікоў, якія таксама адмовіліся ад часткі свайго заробку, каб пачаць працаваць», – распавядае ўладальнік кавярні-бару ў Сэвіллі Хасэ Мануэль.

Брытанцам, якія не могуць працаваць з дому, дазволена хадзіць на працу. А праз два дні можна будзе шпацыраваць на свежым паветры. Замест закліку «Заставайцеся дома» уводзіцца лозунг – «Захоўвайце пільнасць».

«Вы павінныя пільнавацца правілаў сацыяльнага дыстанцыявання. І каб гэтыя правілы выконваліся, мы павялічым штрафы для нязначнай меншасці, што іх парушае», – падкрэслівае прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.

Тым часам Канскі кінафестываль, які меў пачацца заўтра, адмянілі. Фільмы можна будзе пабачыць на восеньскіх кінафестывалях, частку праграмы пакажуць у кінатэатрах.

Анастасія Русецкая, «Белсат»