Каронавірус – у Беларусі. Дзень другі


Што беларусы думаюць пра каронавірус?

«Каронавірус можа быць у арганізме больш за 20 дзён ды ніяк не праяўляцца, і за гэты час можна заразіць іншых».

«Будзе, што і ў іншых краінах, гэта без сумневу, няма чаго вырабляцца, заяўляць, што мы такія, у нас не так, як ува ўсіх, ледзь мы не перадавая краіна ўва ўсёй Еўропе».

«Панікаваць яшчэ раненька насамрэч».

Затое засцерагацца самы час. Якім чынам, ведалі бадай усе апытаныя намі мінакі:

«Рукі мыю часцей, сурвэткі вільготныя маю з сабою. Іншых лекаў няма, п‘ю больш гарачай вады, маю тэрмас з гарачаю гарбатай – кожныя 15 хвілінаў стараюся піць яе».

«Сказалі, калі шмат вады п’еш, то мікробы самі сабою выходзяць».

«Устрымацца ад паціскання рук, часцей прыбіраць, праветрываць».

«Трэба менш звяртаць увагі, чым больш будзем пра гэта думаць, тым больш хварэць».

«Я проста не перажываю з гэтай нагоды. Добры настрой – самае галоўнае».

У добрым настроі перабывае і міністр аховы здароўя, які не раз жартаваў з калегамі на прэс-канферэнцыі, што адбылася напярэдадні ўвечары. Па сутнасці ж справы пра стан здароўя студэнта з Ірану, у якога дыягнаставалі «КОВІД- 19», Уладзімір Каранік распавёў:

«Маем пацыента, у якога няма клінічных сімптомаў, яго на сённяшні момант нічога не турбуе».

Але турбуе частку беларусаў перабыванне ў Менску носьбіта каронавіруса:

«У нашай краіне такое слова «праўда» ўвогуле не выкарыстоўваецца, локшыну вешаюць па-чорнаму».

«Пенсіянераў трэба прыбраць, бо мы хворыя, самае слабае звяно».

«Дзяржава павінная нешта рабіць, у першую чаргу не ўпускаць сюды хворых».

«Калі б мая ўлада была, я б усіх адсюль з Менску прыбраў бы, усіх – кітайцаў, усіх! Пакінуў бы нашую нацыю, беларусаў і ўсё!»

«Замоўчваць цяпер ніхто не будзе, новы міністр імкнецца, каб дайшло да народу, каб людзі засцерагаліся і інфекцыя не распаўсюджвалася».

Міністэрства аховы здароўя сапраўды рэгулярна інфармуе пра стан рэчаў. Сёння паведамілі, што вірусу ў тых, хто беспасярэдне кантактаваў са студэнтам БНТУ, – у ягонай дзяўчыны і аднагрупнікаў, не пацвердзілі, некаторыя тэсты пераправяраюцца. Адгукнулася міністэрства і хуткімі захадамі на ажыятаж на маскі ў аптэках, якіх толькі ў Менску ў пятніцу набылІ 70 тысячаў.

«Сёння выходны дзень, але склады «Белфармацыі» прынялі рашэнне, што яны будуць працаваць. У Менску каля 100 тыс. шматразовых медычных масак развезлі зранку па аптэках. І яшчэ мы чакаем паступлення больш як 1 млн масак у панядзелак. Калі ласка, не паддавайцеся паніцы і не набывайце маскі паводле завышанага кошту», паведаміла «КП» Юлія Барадун, прэс-сакратарка міністэрства аховы здароўя.

Паводле медыкаў, маскі патрэбныя не здаровым, а хворым людзям: «Гэта абарона для тых, хто побач, калі ў некага ёсць прыкметы рэспіраторнага захворвання, то з павагі і дзеля нераспаўсюду інфекцыі неабходна надзяваць маску», – адзначыў Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя.

Тыя ж, хто вярнуўся з замежжа, могуць прайсці адмысловае лабараторнае даследаванне на каронавірус, як гэта зрабіла Вольга Цай:

«Мы ляцелі праз Вільню, не ўсіх правяраюць, з Італіі вярнуліся, самастойна вырашылі прайсці».

Медыкі сцвярджаюць, што тым, хто перабывае без выездаў у Беларусі, рабіць такія даследаванні не мэтазгодна.

Вольга Старасціна, «Белсат»