Каронавірус у Беларусі: амаль 4 тысячы хворых


Чым больш праводзяць тэстаў, тым больш фіксуецца новых выпадкаў «Ковід-19», заяўляюць у Міністэрстве аховы здароўя. У Віцебску даведацца пра дыягназ можна, зрабіўшы тэст у абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры. Жыхары Віцебску:

«Сказалі, што можна здаць толькі кантактам першай групы і тым, хто прыехаў з-за мяжы. То бок на жаданне нельга здаць».

«Я прыехаў пару дзён таму з Еўропы, я кіроўца. І ў сувязі з эпідэміяй вырашыў даведацца на 100 %, ёсць у мяне вірус ці няма».

Усяго, паводле Міністэрства аховы здароўя, з пачатку эпідэміі ў Беларусі правялі амаль 80 тысяч тэстаў: сёння іх апрацоўваюць 24 лабараторыі, у тым ліку прыватныя. Жыхары Віцебску:

«Тры тыдні сяджу на каранціне, пачуваюся не вельмі добра, таму прыняла рашэнне здаць мазок».

«Мазок у мяне не хацелі браць. Урэшце яго ўзялі, але сказалі, што паколькі я не кантакт першага ўзроўню, то спраўджваць яго не будуць».

І сапраўды, статыстыка не ўлічвае асобаў без сімптомаў каронавіруса або тых, хто не звяртаецца да дактароў, кажуць у Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Там падлічылі, што праз месяц колькасць лабараторна пацверджаных хворых на «Ковід-19» у краіне можа сягнуць ажно 245 тысячаў: калі, натуральна, улады не зробяць належных захадаў.

«Мы не лічылі другасных хваляў заражэння, бо мы не адмыслоўцы ў гэтай галіне. Але ведаем, як ідзе экспанента, вось гэтая функцыя. Так што, думаю, на ўсялякі выпадак вельмі важна не праводзіць масавых імпрэзаў», – кажа Аляксандр Дабравольскі з АГП.

Напрыклад, чэмпіянат Беларусі па футболе, які ўлады, не зважаючы на пандэмію, пакуль прыпыняць не збіраюцца. У Міністэрстве спорту і турызму падставаў для гэтага не бачаць. А што ж самыя беларусы? Жыхары Менску:

«Не, ну які футбол, што вы кажаце?! Ніякага футболу! Трэба ўводзіць каранцін, як паўсюль у Еўропе і Расеі».

«Мне падаецца, што пакуль яшчэ пару матчаў можна правесці. Для заўзятараў».

«Ужо даўно трэба было гэта прыпыніць. Усё адно ніхто не ходзіць глядзець. Заўзятары, як я чытаў, самыя зарганізаваліся і не наведваюць матчаў. Які сэнс? Для каго гэта робіцца? Проста правесці?»

«Самая здзіўленая, мякка кажучы, іншых словаў у мяне няма. Хоць і не заўзятар, але здзіўленая да глыбіні душы».

Тым часам каронавірус паступова пашырае сваю геаграфію: новыя выпадкі пацверджаныя ў Вушачах, Аршанскім, Гарадоцкім, а таксама Верхнядзвінскім раёнах. Апошні стаўся дванаццатым з ліку на Віцебшчыне, дзе зафіксавалі «Ковід-19».

Віталь Бабін, «Белсат»