Каронавірус: сумныя рэкорды

Чарговая ахвяра каронавіруса сярод медыкаў: у Віцебску памерла 42-ухгадовая медсястра Наталля Анціпава, якая працавала ў хірургічным аддзяленні гарадскога клінічнага шпіталю. Пра гэта парталу TUT.by распавяла ейная сястра Таццяна.

Не зважаючы на засцярогі Сусветнай арганізацыі здароўя, улады Беларусі даводзяць, што сітуацыя з пандэміяй пад кантролем, метады барацьбы з інфекцыяй абраныя слушныя, а ратуюць у першую чаргу жыцці, не эканоміку. Ці сапраўды ёсць чым ганарыцца?

«Магчыма, гэта і правільны шлях».

«Большасць сем’яў гэта закранула, таму не думаю, што гэтым трэба ганарыцца».

«Я не думаю, што сёлета Еўропа пусціць беларусаў кудысьці адпачываць да сябе».

«Тыя лічбы, якія ў нас гучаць афіцыйна, далёкія ад рэальнасці».

«У нас у краіне ў парадку з гэтым. Усе меры робяцца, шпіталі не перапоўненыя».

Тым часам Міністэрства аховы здароўя апублікавала чарговыя звесткі пра каронавірус за содні. Прырост склаў больш за 700 новых выпадкаў, 1350 асобаў ачунялі, 5 чалавек памерлі, а агульная колькасць заражаных цяпер складае больш за 53 тысячы. Сярод іх – берасцейская пенсіянерка Вольга Габрусева, якая некалькі дзён была ў абласным скурна-венералагічным дыспансеры.

«У чатырохмясцовых палатах па 6 чалавек, як селядцы, прайсці немагчыма. Спёка, дыхаць няма чым. У палаце дзяўчынка ляжыць адмоўная, а я станоўчая, разумееце? Танометраў няма, у гадзіну ночы не маглі замераць ціск. Няма валідолу, простага валідолу. Медсёстры ляжаць, проста не перадаць, самыя хварэюць, а бальнічны не даюць ім», – распавяла Вольга Габрусева, пенсіянерка з Берасця.

Апошнія содні адзначыліся выбухам каронавіруснай інфекцыі ў шмат якіх краінах свету – прырост новых выпадкаў за содні склаў адразу 140 тысячаў. Напярэдадні каронавірус выявілі і на буйным гуртавым рынку Сінь-Фа-Дзі ў сталіцы Кітаю – у выніку ў Пекіне на COVID-19 правераць 10 тысяч асобаў.

«Праз вялікую хвалю людзей, складаную кадравую структуру і высокую рызыку распаўсюду новага каронавіруса рынак быў часова закрыты з сённяшняга дня. Мы мусім ацаніць рызыку заражэння, а таксама правесці комплекснае ды ўпарадкаванае санітарнае кіраванне і дэзынфекцыю абʼекту», – кажа Чу Цзюнь Ўэй, в. а. кіраўніка раёну Фэн-Тай, Пекін.

Не адступае каронавірус і ў нашых усходніх суседзяў. І хоць каранцінныя захады ў Расеі паступова адмяняюцца, колькасць хворых працягвае расці – на раніцу 13-га чэрвеня ў краіне зарэгістравалі ўжо больш за 520 тысячаў інфікаваных.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама