Каронавірус параду не перашкода


Без шуму і пылу, як адзначыў сёння Лукашэнка, Беларусь змагаецца з каронавірусам. А паміж барацьбою – масавыя імпрэзы! Пакуль усе еўрапейскія краіны заклікаюць сваіх грамадзянаў на час пандэміі заставацца ўдома, кіраўнік Беларусі сказаў, што параду і іншым урачыстасцям з нагоды 75-цігоддзя Перамогі быць! Што пра гэта думаюць жыхары Менску?

«Правільным было б адмяніць парад».

«Не пайшлі б на парад праз вялікі збор людзей».

«Ёсць вялікая верагоднасць заражэння, калі будзе на парадзе нехта хворы».

«Трэба крыху прытрымаць грошы, не для паказухі, а для людзей».

«Парад будзе пры любой сітуацыі! Прэзідэнт, народ гэта падтрымае»!

«Можа, у нас так не ірване, як у іншых краінах, і мы правядзём Дзень Перамогі».

Уласна Лукашэнка браць удзел у беларускім парадзе, падобна, не збіраецца: яго не будзе ў Беларусі. Падчас сустрэчы на бяспечнай адлегласці з працаўнікамі «Белгіпсу» ён сказаў, што хоча паехаць на парад у Маскву.

Распавёў Аляксандр Рыгоравіч і пра тое, што ўжо 10 дзён асабіста кантралюе працу Міністэрства аховы здароўя і дактароў. Дарэчы, выказаліся сёння і медыкі. На брыфінгу Міністэрства аховы здароўя прагучалі не толькі лічбы інфікаваных каронавірусам, але і лічбы сродкаў на рахунку, куды ведамства заахвочвае бізнесоўцаў ды звычайных людзей ахвяраваць любыя сумы на барацьбу з каронавірусам.

«На 9:00 на рахунку фонду была 551 тысяча 949 рублёў 37 капеек, на валютным рахунку – 16 тысячаў 122 і 47 цэнтаў еўраў», – паведаміла Алена Богдан, намесніца міністра аховы здароўя.

Для асваення гэтых грошай у міністэрстве стварылі працоўную групу. Яна будзе вызначаць кірункі, куды пойдуць гэтыя грошы.

«Дзяржава не ў тым плане, каб самой усё забяспечваць, у любым выпадку патрэбная нейкая дапамога».

«Грошы пералічыць можна, але такому кіраўніцтву, як у нас, нічога не варта даваць».

«Міністэрству я не давяраю», – выказваюць уласнае меркаванне жыхары Магілёва.

Іншыя ж беларусы, як адзначылі на брыфінгу журналісты, часта скардзяцца, што на мяжы нікога на каронавірус не правяраюць. Наталля Жукава, галоўны санітарны доктар пацвердзіла і назвала прычыну:

«Бо найперш самае галоўнае, незалежна ад вынікаў даследавання: чалавек, які прыехаў у Рэспубліку Беларусь з небяспечных краінаў – не буду іх пералічваць, яны ёсць на нашым сайце, – павінен у абавязковым парадку 14 дзён быць у рэжыме самаізаляцыі».

Такі адказ выклікаў яшчэ больш пытанняў, якія агучыла журналістка Оnliner.by Настасся Занько:

«Калі прыязджае муж да жонкі з камандзіроўкі – абодва мусяць самаізалявацца? Дзеці таксама ці не? Другое пытанне: як і хто будзе правяраць, на самаізаляцыі чалавек ці не? Трэцяе пытанне: якія санкцыі будуць за гэта?»

На якія галоўны санітарны доктар адказала:

«Чальцы сям’і, якія не былі за межамі Беларусі, натуральна, у рэжыме самаізаляцыі не ёсць».

А што з замежнікамі, якія прыязджаюць да нас? Яны таксама мусяць адбыць 14-цідзённы каранцін?

«Вядома, усіх 100 % мы не здолеем пракантраляваць, іхную самаізаляцыю, натуральна, пэўная колькасць такіх грамадзянаў ёсць», – сказала Наталля Жукава.

Запыталі журналісты і пра сітуацыю з жыткавіцкай пацыенткай, у якой спачатку дыягнаставалі каронавірус, а пазней зняпраўдзілі.

«Сапраўды, быў пастаўлены папярэдні дыягназ – каронавірусная інфекцыя. У гэтым выпадку гэта не ілжэстаноўчы вынік», – паінфармавала Наталля Жукава, галоўны санітарны доктар.

Паводле медыкаў, пасля патройнага правярання жанчыне паставілі адмоўны дыягназ. Як заявілі ў міністэрстве, усяго было праведзена прыблізна 24 тысячы тэстаў на COVID-19. Выпісалі або рыхтуюцца да выпіскі 32 пацыенты. Працягваюць лекавацца 62 пацыенты. Такім чынам, афіцыйная колькасць інфікаваных у Беларусі на сёння – 94 чалавекі.

Вольга Старасціна, «Белсат»