Каронавірус на Мядзельшчыне: ці засталіся адпачывальнікі ў санаторыях?


Ніякіх працэдураў, ежа – у нумар. У такіх умовах у санаторыі «Нарачанскі бераг» вымушаныя заставацца адпачывальнікі, у якіх скончыўся тэрмін лячэння. З’ехаць – нельга. Новых пацыентаў не прымаюць.

«Мы яшчэ на мінулым тыдні заехалі, некалькі чалавек. Не ўпускаюць, і не выпускаюць», – распавядае адпачывальніца санаторыю «Нарачанскі бераг».

Курортны пасёлак Нарач, дзе месціцца з дзясятак санаторыяў, ды вёска Нарач фактычна не маюць мяжы. Не ведае межаў і каронавірус, першы выпадак якога на Мядзельшчыне зарэгістравалі 7 красавіка.Тыдзень таму паводле афіцыйных звестак інфікаваных адпачывальнікаў і жыхароў было ўжо 65. Жыхары курортнага пасёлку Нарач кажуць:

«Абстаноўка крытычная. Я пенсіянерка, у мяне ўнукі – 20 гадоў. І я вельмі хвалююся за дзяцей і за ўнукаў».

«Мне ўжо 85 гадоў, ужо баяцца няма чаго. Што Гасподзь дасць, то і будзе. Вось сказалі прывязаць, я падшыла яшчэ пад ніз. Так і ходзім».

Актуальных звестак аб колькасці заражэнняў каронавірусам у Мядзельскім раёне ні ад Міністэрства здароўя, ні на сайце мясцовай газеты «Нарачанская зара» няма. Крыніца інфармацыі ў такой сітуацыі – чуткі, – кажа прадавачка з вёскі Нарач Людміла:

«Людзі напалоханыя – гэта першае. Па-другое, самі па сабе ідуць на самаізаляцыю. У нас здраўніцы закрыліся на каранцін, і супрацоўнікі гэтых здраўніц павінны сядзець дома, але ўсё роўна ідуць у крамы».

Разбяра Юрася Камандзірчыка на ізаляцыю адправілі медыкі. Пару тыдняў таму мужчына быў на дзённым стацыянары у больніцы вёскі Нарач. Доктарка, што яго лячыла, – захварэла на каронавірусную інфекцыю.

«Папярэдзілі, што будуць правяраць супрацоўнікі міліцыі альбо дактары санстанцыі, каб мы знаходзіліся на месцы. Пры гэтым маем права на кароткі час наведваць крамы, каб набыць харчы», – распавядае жыхар курортнага пасёлку Нарач Юрась Камандзірчык.

Напярэдадні стала вядома, што санаторый «Нарач» прыпыніў сваю дзейнасць. Але не праз каронавірус, а з прычыны эканамічнай немэтазгоднасці. Пра гэта паведаміла са спасылкай на дырэктара «Белпрафсаюзкурорту» Юрыя Чарнуху газета «Нарачанская зара».

«Людзі не будуць імкнуцца адпачываць там, дзе злева і справа дзясяткамі ходзяць з вельмі небяспечнымі сімптомамі», – упэўнены эканаміст Леанід Заіка.

Паколькі ў бліжэйшы час жыць нам давядзецца з каронавірусам, лепшае выйсце – мяркуе адмыслоўца – перакваліфікаваць санаторыі ў каранцінныя ўстановы.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: minoblturism.gov.by