Каронавірус: калі міне другая хваля?


Улады спадзяюцца, што ўздым каронавіруснай інфекцыі не працягнецца да лютага, заявіў у эфіры тэлеканалу СТВ былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Пакуль жа што ні дзень – то фактычна новы рэкорд захворвання. Да прыкладу, напярэдадні колькасць інфікаваных на каронавірус павялічылася больш як на 940 асобаў, агульная колькасць хворых з канца лютага пераваліла за 100 тысяч чалавек. Ці ёсць нагоды для аптымізму?

Уладзімір Пруднікаў, лекар Гарадзенскага шпіталю:

«Усё залежыць ад таго, як людзі будуць асцерагацца самі. Як людзі будуць сябе ахоўваць. Але ва ўмовах, калі не ўведзены каранцін, казаць, калі сыдзе гэтая хваля, праблематычна».

У той жа час афіцыйныя лічбы пра Ковід-19 у Беларусі далёка не заўсёды супадаюць са звесткамі, якія публікуюцца іншымі крыніцамі. Вось, да прыкладу, дакумент, які трапіў у распараджэнне журналістаў «Еўрарадыё»: толькі ў Менску колькасць інфікаваных за 30-га кастрычніка перавысіла лічбы Міністэрства аховы здароўя амаль удвая!

Ці давяраюць беларусы афіцыйным лічбам, мы пацікавіліся ў магілёўцаў.

«Мне падаецца, пасля першай хвалі ніхто ўжо не давярае нашай статыстыцы».

«Ёсць людзі, якія хварэюць у маім атачэнні, і іх нямала. Таму афіцыйныя звесткі не зусім карэктныя».

«Ужо другі тыдзень хварэе сястра, а санстанцыя нават не спраўдзіла кантактаў на гэты момант».

«Афіцыйныя лічбы будуць адныя, а неафіцыйныя ўсё адно будуць большыя».

«Я давяраю статыстыцы і давяраю ўраду».

Ну а хтосьці, як і раней, верыць у фэйкі, звязаныя з Ковідам – да прыкладу, у тое, што ад небяспечнага віруса можна ратавацца часныком, алкаголем ці нават дзіцячай мачой.

Ганна Кірзюк, Расейская акадэмія народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы:

«Ад самага пачатку людзі вельмі моцна пераймаліся праз тое, што тыя захады, якія прымае ўлада, – яны будуць вельмі рэпрэсіўнымі. Будуць яшчэ больш шкоднымі за вірус. Да прыкладу, казалі, што гэта трэба для таго, каб нас усіх чыпіраваць».

У Еўропе ж, падобна, спадзяюцца на эфектыўнасць абмежавальных захадаў, якія ўжо дзеялі ўвесну. Ад заўтра ўлады Аўстрыі ўводзяць каранцін – цягам месяца па ўсёй краіне будзе забаронена выходзіць з дому з 8-ай гадзіны вечара і да 6-ай раніцы.

З чацвёртага лістапада абмежаванні ўводзяць і ў Вялікай Брытаніі, а ў Нямеччыне на прыватныя сустрэчы нельга збірацца ў колькасці больш за 10 асобаў ужо ад сёння. Сам кіраўнік Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Гебрэесус сышоў на каранцін у выніку кантакту з хворым, высокія лічбы дзённага прыросту назіраюцца ў шэрагу краінаў, у тым ліку ў Расеі – больш за 18 тысяч новых выпадкаў.

Жыхарка Масквы:

«Надзяваць маску пры ўваходзе ў рэстаран і тут жа яе здымаць, калі сядаеш за столік, спадзеючыся, што вірус сам рассеецца, – гэта прынамсі дзіўна. Мяркую, што трэба самому неяк абмяжоўвацца ад наведвання масавых імпрэзаў, берагчы сваіх блізкіх, у першую чаргу старэйшых».

Для апошніх – людзей старэйшых за 65 гадоў – сёння адміністрацыя Масквы адмяніла ільготнае наведванне культурных аб’ектаў. Раней мэр расейскае сталіцы Сяргей Сабянін працягнуў дзеянне хатняга рэжыму для пенсіянераў і асобаў з хранічнымі хваробамі яшчэ на адзін месяц, да 29 лістапада.

Віталь Бабін, «Белсат»