Каронавірус дабраўся да інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця


«Гэтая істэрыя паказала, чаго мы вартыя і хто ў нас сябар, хто вораг». Пазітыўныя бакі пандэміі каронавірусу Аляксандр Лукашэнка ацаніў, наведваючы агракомплекс «Рудакова» на Віцебшчыне. Тым часам хвароба забрала жыцці яшчэ пяці беларусаў.

958 новых заражэнняў і пяць новых смерцяў. Людзей з пацверджанаю каронавіруснай інфекцыяй ужо амаль 28 тысячаў. Вылечыліся амаль 9 тысячаў чалавек. Памерлі 156 асобаў.

Хвароба дабралася да менскага дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – паведаміў тэлеграм-канал «Блог зараженного коронавирусом»:

«Пацверджаны COVID ва ўсіх супрацоўнікаў 1-й вахты. Бальнічных ім не даюць […]. Адзін выхаванец цяпер у рэанімацыі. Так як з двума дзецьмі, вывезенымі пазаўчора хуткай, не адправілі суправаджэння, значыць, яны, хутчэй за ўсё, таксама…»

Аднак працаўнікі ўстановы, размешчанай у менскіх Навінках, выбух хваробы адмаўляюць:

«Гэта няпраўда! »Хартыю« не слухайце! У нас няма нават людзей з тэмпературай. Аднак рэжым у нас непрапускны».

«Калі там унутры санітары ды іншыя ў халатах, калі яны ў халатах нешта робяць, то, безумоўна, там нешта ёсць».

«Захворванне чалавека – медычная таямніца!»

Нястача масак, дэзынфектараў, лекаў, забароны на адпачынкі – пра такія праблемы парталу TUT.BY ананімна скардзяцца дактары рэгіянальных шпіталяў. Напісаць афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя органы прапанаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» сузаснавальнік парталу TUT.BY Кірыл Валошын. Выдаткі на юрыдычнае афармленне скаргаў ды абарону ў судзе бізнесовец паабяцаў узяць на сябе. Дактары не адгукнуліся.

«Усе яны не гатовыя дзяліцца публічна, з указаннем свайго імя, інфармацыяй. Усе баяцца. Усе, натуральна, запалоханыя. Я сёння (прабачце за самарэкламу) напісаў другі пост. Гэта пост пра тое, што псіхоз сапраўды ёсць. Гэта псіхоз не наконт COVID і віруса. Гэта псіхоз пра запалохванне і звальненне з працы», – каментуе Кірыл Валошын.

Міністэрства аховы здароўя тым часам заявіла, што прырост захворванняў спыніўся. У Беларусі праводзяцца 10 тысяч тэстаў на каронавірус штодня. З пачатку месяца адсотак хворых, выкрытых у гэтай пробе, зніжаецца. Калі статыстыка не хлусіць, то лік актыўных хворых таксама неўзабаве пачне зніжацца – дзякуючы росту колькасці тых, хто вылечыўся.

«Там наўрад ці моцна хлусяць, таму што агульныя лічбы не надта Беларусь упрыгожваюць. Калі браць на мільён насельніцтва, то яшчэ некалькі дзён таму, Беларусь была на першым месцы ў Еўропе», – мяркуе палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Колькасць тых, хто ачуняў ці памёр, сёння складае прыблізна 30 адсоткаў адносна колькасці ўсіх інфікаваных. Гэта значыць, што Беларусь прайшла каля траціны шляху да канца эпідэміі.

«Беларусь яшчэ і паловы гэтага ўнутранага часу эпідэміі не прайшла. Яна прайшла больш, чым Украіна і Расея. У Расеі – гэта 20 %, ва Украіне – 25 %, але гэта далёка не палова шляху», – кажа Юрый Дракахруст.

Сітуацыя з каронавірусам у Беларусі выклікае трывогу ў некаторых іншых краінах. Міністр транспарту Эстоніі Тааві Аас заявіў, што праз эпідэмію з Менскам неабходна спыніць авіяспалучэнне.

Аляксандр Папко belsat.eu