Геаграфія і колькасць хворых на каронавірус расце, а тэрміны з’яўлення вакцыны супраць яго пакуль перасоўваюцца. Сусветная Арганізацыя Здароўя рапартавала што тэсты лекаў на людзях будуць толькі праз 3-4 месяцы, і калі атрымаецца – вакцына пойдзе ва ўжытак толькі праз год-паўтара. На фоне эпідэміі Кітай нясе эканамічныя страты.
COVID-19 – новая назва праблемы. Цяпер кажуць, што інкубацыйны перыяд віруса складае 3 тыдні, а на вакцыну давядзецца чакаць больш за год… Інакш ад сёння і дыягназуюць хваробу – факт заражэння пацвярджаюць не пасля аналізаў, а на аснове сімптомаў. Таму толькі сёння лічба тых хто заразіўся падскочыла адразу на 15 тысячаў. Сусветная статыстыка – 60 384 інфікаваных. Загінула 1 370, а перамаглі вірус 5 945 асобаў.
«Я думаю, што яшчэ заўчасна казаць пра пачатак, сярэдзіну або канец гэтай эпідэміі», – кажа Майкл Райан з Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі.
175 выпадкаў заражэння каронавірусам зафіксавалі на борце круізнага лайнеру «Дайманд Прынсэс». Вірус трапіў на борт з адным з пасажыраў. Цяпер судна зачыненае на каранцін у порце Ёкагама. Эвакуавалі толькі пасажыраў, старэйшых за 80 гадоў. Харчы і лекі для рэшты – дастаўляюць на борт. Пасажырка лайнеру Шэрыл Малескі не ў настроі:
«Паказчыкі вышэйшыя, чым мы спадзяваліся. Я меркавала, што хворых апынецца менш за гэтую лічбу».
Яшчэ адзін круізны лайнер з двума тысячамі пасажыраў стаў ахвяраю асцярожнасці. «Ўэстэрдам» урэшце прыстаў да берагу ў Камбоджы. На борце судна, якое заходзіла ў Ганконг, усе здаровыя, аднак пяць краінаў адмовілася прыняць судна.
У прафілактычных мэтах адмянілі Міжнародную выставу мабільнай індустрыі ў Барсэлоне, якую меліся наведаць госці ў тым ліку з Кітаю. Ад удзелу ў экспазіцыі адмовіліся два дзясяткі вядучых кампаніяў. Аналітычныя агенцыі папярэджваюць аб запаволенні росту сусветнай эканомікі на тры дзясятых адсотка. Еўрапейскія чыноўнікі пагаджаюцца з гэтаю ацэнкай, хоць захоўваюць асцярожнасць.
«Найбольш імаверны сцэнар, у які мы па-ранейшаму верым, – гэта V-падобнае ўздзеянне, пры ім назіраецца істотнае зніжэнне эканамічнай актыўнасці, а затым ідзе хуткае і эфектыўнае аднаўленне», – кажа Крысталіна Георгіева, старшыня Міжнароднага Валютнага Фонду.
Бруна Ле Мэр, міністр эканомікі і фінансаў Францыі:
«Гэта важныя лічбы, – 0,1 % для Кітая за год, – 0,2 % росту для сусветнай эканомікі».
Напярэдадні і Аляксандр Лукашэнка загадаў ураду ўзяць пад увагу наступствы каронавірусу і запэўніў людзей: «мы гатовыя забяспечыць нашых людзей». Гатэлевы бізнес перажывае страты за кошт змяншэння колькасці турыстаў. Вымушаны вытворчы прыпынак на кітайскіх заводах пакінуў бізнес без тавару.
«Узнаўленне ўгодаў плануем толькі на пачатку сакавіка і тое пад вялікім пытаннем. Людзей накіравалі ў неаплочвальныя адпачынкі. Іншага варыянту няма», – кажа Дзмітрый Патапенка, бізнесовец з Расеі.
Чаканне, дапамога, і змаганне ўсімі спосабамі… На бітву з хваробаю ў гораў Ухань улада накіравала 11 самалётаў з тысячамі вайсковых медыкаў.
Ян Маравіцкі, Юлія Цяльпук, «Белсат»